Калі сябруем – не сумуем

Падзеі

Прыемна сустракацца з сябрамі, асабліва калі ёсць агульныя інтарэсы і творчыя захапленні. Нядаўна з сяброўскім візітам на Дзятлаўшчыну наведалася творчая група Ваўкавыскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” на чале са старшынёй аб’яднання Вольгай Харук. Сустрэча планавалася загадзя, таму ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна гасцей чакалі не толькі ўдзельнікі мясцовай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”, але і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”.

Варта сказаць, што другі год запар Ваўкавыская раённая арганізацыя таварыства інвалідаў па зроку прызнаецца лепшай у Гродзенскай вобласці па рэабілітацыі невідушчых людзей, адзначана яна і на рэспубліканскім узроўні. Таму візіт гасцей быў цікавы для дзятлаўчан і ў плане пераймання ідэй і вопыту работы, а візіцёры, варта зазначыць, не падвялі і прыехалі з канцэртам (падобныя выступленні ўдзельнікі аб’яднання шырока практыкуюць у родным горадзе).

Адчуваць сябе як дома гасцей заклікала Святлана Крэйдзіч, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”, а Віталь Крэйдзіч павітаў сяброў з Ваўкавыска песняй. І пачалося сапраўднае свята.

Арыгінальны сцэнарый канцэрта ўключаў тэматычныя вершы, пажаданні, песні, байкі, прыпеўкі, вясёлыя вершаваныя гісторыі, якімі так і “сыпала” вядучая Алена Самардак. Нельга было застацца раўнадушнымі, калі з імправізаванай сцэны гучалі песні ў выкананні Ірыны Кішкуновай, Аляксандра Валюка, Святланы Міхайлавай, Тамары Вайцешык, Святланы Журко, Вольгі Харук, Галіны Смок, якая чытала яшчэ і вершы ўласнага сачынення. Наведвальнікі “Праменьчыка” не змаглі ўседзець на месцы і выйшлі танцаваць. У зале панавала атмасфера цеплыні і добразычлівасці. Невялікі перапынак зрабілі толькі для таго, каб наладзіць гульню-сюрпрыз “Адгадай, што ў сумцы”. Па апісаннях, якія давала Святлана Крэйдзіч, удзельнікі сустрэчы адгадвалі, што за рэч яна падрыхтавала ў якасці падарунка. Самы здагадлівы станавіўся ўладальнікам прыза.

Напрыканцы канцэрта дзятлаўчане і госці абмяняліся падарункамі, падзякавалі адзін аднаму за цудоўны настрой. Затым гаспадары пляцоўкі запрасілі сяброў на чай і за сталом прадоўжылі дзяліцца ўражаннямі і творчымі планамі.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *