Юбілейны медаль для ветэрана Фёдара Шалеснага (+відэа)

Падзеі

На Дзятлаўшчыне стартавалі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Першыя юбілейныя медалі ўручылі сёння ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у Дзятлаўскім раёне, Марыі Пятроўне Глебавай і Фёдару Васільевічу Шалеснаму. Напярэдадні 23 лютага павіншаваць са святам і ўручыць юбілейны медаль да іх у госці прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.

Сустрэча з Фёдарам Васільевічам адбылася ў Лявонавіцкім дзіцячым садзе-базавай школе.

Віншавалі таксама ў гэты дзень Фёдара Васільевіча вучні і адміністрацыя школы, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка, артысты Казлоўшчынскага Дома культуры.

А яшчэ ўсе разам – школьнікі, госці, артысты – спявалі для ветэрана “Кацюшу”, “Ідзе салдат па горадзе”.

“…З лістапада 1944 года ён ваяваў за сваю Радзіму на ІІ Беларускім фронце, у складзе 163-га стралковага палка.

— Да канца вайны прабыў другім нумарам за зенітнай ракетнай устаноўкай, – згадвае ветэран.

За апошні год вайны, вызваляючы акупіраваныя тэрыторыі, яму давялося прайсці немалы шлях. Пачынаўся ён ва ўкраінскім Жытоміры і пралягаў у саму варожую Венгрыю, дзе поўным ходам ішла так званая “Будапешцкая аперацыя”. Яна мела на мэце разгром нямецкіх войскаў у Венгрыі і вывад краіны з вайны. Фёдар Васільевіч ужо і не помніць дэталёва, як у час аднаго з баёў атрымаў лёгкую кантузію, аднак прыгадвае, што лячыўся ў замежным шпіталі ў французскіх медыкаў.

А вось доўгачаканую і самую галоўную навіну, якую сустрэў у горадзе Ленінградзе, ён помніць вельмі добра. Той самы, добра знаёмы савецкім грамадзянам, голас Юрыя Левітана абвясціў аб перамозе: “… Вялікая Айчынная вайна, якую савецкі народ вёў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пераможна завершана…”.

Доўгая вайна была скончана, і надышоў час салдатам кіравацца на радзіму наладжваць мірнае жыццё. У лістападзе 1945-га Фёдар Васільевіч Шалесны вярнуўся ў родныя Лозкі, дзе пабудаваў дом недалёка ад бацькоўскага, з’явілася свая сям’я – новы сэнс жыцця пад мірным небам…”

Нагадаю, што ўручэнне юбілейных медалёў «100 год Узброеным Сiлам Рэспублікі Беларусь» ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў Дзятлаўскім раёне будзе доўжыцца да 23 лютага.

Тэкст, фота, відэа Ірыны КАМАРОВАЙ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *