Знізілася колькасць злачынстваў

Здарэнні і бяспека

Аналіз стану злачыннасці за 2017 год сведчыць, што на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна колькасць зарэгістраваных злачынстваў знізілася з 226 да 177, або на 22%. Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва паменшыўся і склаў 70,6%.

Колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку ў параўнанні з 2016 годам знізілася са 148 да 113 або на 23,6%, аднак з 68,9% да 68,1% знізіўся і ўзровень іх раскрыцця. На 20,5% (з 73 да 58) знізілася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць. У сферы эканомікі на працягу 12 месяцаў 2017 года выяўлены толькі 2 злачынствы (мінус 12), некалькі гадоў адсутнічаюць вынікі па выяўленні фактаў хабарніцтва. Колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, таксама зменшылася з 54 да 50. У ЛПП ізалявана 30 (плюс 1) асоб, з іх 8 (мінус 3) жанчын. Аднак адбылося змяншэнне колькасці асоб, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны абарот алкаголю, са 103 да 65 чалавек. З 9 да 10 вырасла колькасць злачынстваў па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. На 29,6% (са 108 да 76) зменшылася колькасць крадзяжоў. У сферы сямейна-бытавых адносінаў зарэгістравана 15 (плюс 4) злачынстваў, з іх па прэвентыўных артыкулах — 14 (плюс 6).

З мэтай прафілактыкі злачынстваў летась пракуратурай узбуджаны 12 крымінальных спраў па прэвентыўных артыкулах Крымінальнага кодэкса: 4 — за нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання, 5 — з-за пагрозы забойствам, 3 — па фактах катавання. Пракуратурай раёна да адміністрацыйнай адказнасці (арт. 9.1 КоАП РБ) прыцягнуты 5 асобаў, схільных да ўчынення сямейна-бытавых злачынстваў з выкарыстаннем гвалту да родных і блізкіх.

Скаардынаваная дзейнасць праваахоўных органаў па прафілактыцы злачынстваў супраць жыцця і здароўя дала свае станоўчыя вынікі: у 2017 годзе не дапушчана забойстваў (2016 г. — 2), зарэгістраваны 2 факты нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў (2016 г. — 3).

Аднак праведзеныя пракуратурай праверкі выканання аддзелам унутраных спраў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» сведчаць, што супрацоўнікі міліцыі дапускаюць парушэнні: у многіх улікова-прафілактычных справах адсутнічаюць звесткі аб мерах індывідуальнай прафілактыкі, што аказвае негатыўны ўплыў на стан крымінагеннай сітуацыі ў раёне.

Праверкі выканання ў 2017 годзе антыкарупцыйнага заканадаўства і аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг) таксама паказалі шэраг недахопаў і парушэнняў. У выніку пракуратурай раёна на адрас аднаго з прадпрыемстваў унесены прадстаўленне і прадпісанне, старшыня конкурсна-цэнавай камісіі атрымаў афіцыйнае папярэджанне, дырэктар прадпрыемства прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

У другім паўгоддзі 2017 года па матэрыялах праверкі Слонімскага міжраённага аддзела ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК РБ пракурорам раёна ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да работніка адной з гаспадарак раёна і індывідуальнага прадпрымальніка, якія шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі з чэрвеня 2013-га па май 2017 года нанеслі сельгаспрадпрыемству шкоду ў асабліва буйным памеры.

Аналіз стану злачыннасці, правапарадку і законнасці на тэрыторыі раёна дазваляе зрабіць выснову, што праведзены ў 2017 годзе органам дзяржаўнага кіравання, праваахоўнымі і кантралюючым органамі, суб’ектамі прафілактыкі комплекс арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў даў пэўныя станоўчыя вынікі і спрыяў захаванню законнасці.

Разам з тым, пракуратура Дзятлаўскага раёна прапануе кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна прыняць меры па безумоўным выкананні патрабаванняў Дырэктываў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 і №3, заканадаўства аб захаванасці ўласнасці, сельгастэхнікі і запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, іншых матэрыяльных рэсурсаў, кармоў, выкананні правілаў пажарнай бяспекі з кампенсацыяй урону за кошт вінаватых асобаў. У кожным выпадку парушэння службовымі асобамі і работнікамі патрабаванняў заканадаўства па ахове працы — прымаць адпаведныя меры рэагавання.

Дзятлаўскаму аддзелу ўнутраных спраў для прафілактыкі забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў, бытавой і рэцыдыўнай злачыннасці прыняць дзейсныя меры, належным чынам арганізаваць прафілактычны ўлік і правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў для асобаў, схільных да ўчынення правапарушэнняў.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *