Па інфармацыі праваахоўнікаў большасць наркотыкаў у нашай краіне распаўсюджваецца праз інтэрнэт. Міліцыя адшуквае ўсё новыя спосабы супрацьдзеяння гэтай праблеме, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы.
Міністэрства ўнутраных спраў цяпер надае асноўную ўвагу выяўленню злачынных групаў, якія займаюцца збытам наркотыкаў. Гэта дазволіла ў параўнанні з 2016 годам на 45% знізіць колькасць выпадкаў перадазіровак, а сярод падлеткаў гэты паказчык упаў у 9 разоў. Таксама з 2015 года не зарэгістравана ні аднаго смяротнага зыходу з-за атручвання непаўналетніх псіхаактыўнымі рэчывамі. З кожным годам змяншаецца і колькасць нарказалежных, якія стаяць на дыспансэрных або прафілактычных уліках.
Тым не менш, праблема па-ранейшаму не губляе сваёй актуальнасці. У рэспубліцы рэалізуецца маштабная праграма па супрацьдзеянні распаўсюджанню наркотыкаў і псіхатропаў. У гэтай сувязі Міністэрства ўнутраных спраў выступіла ініцыятарам стварэння новага інфармацыйнага рэсурса, скіраванага на пэўную аўдыторыю – залежных і сузалежных, дзяцей і падлеткаў, проста неабыякавых грамадзян. Інфармацыйны рэсурс POMOGUT.BY зможа ў рэжыме рэальнага часу шляхам тэлефоннай гутаркі або інтэрнэт-перапіскі забяспечыць кожнага, хто звярнуўся, ведамі па канкрэтнай праблеме. Ён ужо працуе ў тэставым рэжыме.
Валерый БАРОЎСКІ,
оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама