Яны заўсёды гатовы аказаць дапамогу ў экстрэмальных сітуацыях, не баяцца цяжкасцяў і ўмеюць аператыўна працаваць у камандзе. Яны — гэта работнікі службы выратавання. У іх шмат магчымасцяў для подзвігаў, але свае высакародныя справы яны прымаюць як належнае і сціпла замоўчваюць аб сваіх часам гераічных учынках.
Сяргей Уласевіч у Дзятлаўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях служыць вадзіцелем ужо амаль 23 гады. На працягу працоўнай дзейнасці даводзілася бачыць многае, нароўні з калегамі па службе ўдзельнічаць у ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Нягледзячы на цяжкасці ў працы, якія часам здараюцца, дадому Сяргей Мікалаевіч імкнецца не прыносіць свае перажыванні. Родныя прывыклі бачыць яго жыццярадасным, бадзёрым, моцным і адважным. Ён любіць рух і фізічную працу. Работнік Дзятлаўскага РАНС нават не заўважыў, як стаў прыкладам для ўласнага сына Яўгена, які нядаўна стаў для бацькі “калегам па цэху”.
Яшчэ ў школьныя гады хлопчык Жэня назіраў за працай таты, разам з аднакласнікамі прыходзіў на экскурсіі ў выратавальную часць. Бацьку часта бачыў у камуфляжнай вопратцы, цікавіўся аўтамабільнай тэхнікай і быў захоплены ідэяй асвоіць па-сапраўднаму мужчынскую прафесію. Ён назіраў, як праца для Сяргея Мікалаевіча была ладам жыцця, і ведаў, што дапамагаць людзям — гэта высакародна.
Увесну мінулага года 22-гадовы Яўген вярнуўся з арміі і ўжо летам пачаў службу на пажарным аварыйна-выратавальным пасту №11, які знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына. Яўген стаў пажарным і пра свой выбар прафесіі не шкадуе.
Атрымалася, што ў Дзятлаўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях цяпер працуюць два чалавекі з прозвішчам Уласевіч. Бацька і сын. Два пакаленні. Хто ведае, магчыма, гэтая дынастыя ратаўнікоў працягнецца. Дарэчы, Сяргей Уласевіч таксама трапіў у сваю прафесію, прытрымліваючыся прыкладу. Старэйшы брат, з якім у Сяргея розніца 11 гадоў, у 1985 годзе пачаў службу ў Гродне і аказваў свой аўтарытэтны ўплыў.
— І сын брата, мой пляменнік, таксама пажарны, — дадае Сяргей Мікалаевіч.
Вадзіцель у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Сяргей Уласевіч, маючы спакойны характар, ставіцца да жыцця проста і лічыць, што пры няўдачах не варта апускаць рукі:
— Бязвыхадных сітуацый не бывае. Трэба ўмець правільна знімаць нагрузку, расслабляцца. Я люблю глядзець спартыўныя праграмы, асабліва чэмпіянаты па хакеі і біятлоне.
Калі б Сяргею Мікалаевічу прапанавалі паўдзельнічаць у хакейнай гульні, то паспрабаваў бы. Хоць на каньках стаяў усяго раз у жыцці, затое адразу змог утрымацца.
Уласевіч-малодшы, Яўген, таксама неабыякавы да спорту. Ды і з дзяцінства, па словах бацькі, хлопец даволі актыўны ва ўсім. Бацька і сын бачацца цяпер не так часта, як раней, бо працуюць у розныя змены. У кожнага свае абавязкі, але ёсць у працы і агульнае: распарадак дня. З самага ранку ў іх праверка баявога адзення, рыштунку, дакументаў, азнаямленне з аператыўнай зводкай. Вадзіцель правярае свой аўтамабіль, пажарны — спецабсталяванне, пажарныя рукавы.
Далей — заняткі. Так, вучыцца прыходзіцца на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці. Вучэнні, практыка, наватзалікі — усё гэта падстрогім кантролем заўсёды. У канцы дня ў мужчын фізпадрыхтоўка. Фізічныя здольнасці правяраюць раз у квартал і ставяць за гэта наватадзнакі па 5-бальнай сістэме. Атрымаць тройку недапусціма і нават сорамна, таму Уласевічы здаюць нарматывы на «выдатна».
— Мне гэта блізка: парадак, дысцыпліна, пастаянная гатоўнасць. Вось мы сядзім зараз, размаўляем. Але калі паступіць выклік, то ў нарматыўны час у поўнай боегатоўнасці выедзем на месца, — кажа пажарны Яўген Уласевіч.
Пакуль хлопцу не давялося пабываць у экстрэмальных сітуацыях, бо працуе толькі паўгода. Затое бацька памятае свой самы першы выезд па сігнале. Сесці за руль пажарнай машыны тады яшчэ зусім юнаму хлопцу было страшна. Пажар быў невялікі — гарэла калгасная лазня. Па дарозе да месца надзвычайнай сітуацыі не пакідала думка: «Толькі б не было пацярпелых».
Габарыты сучаснай пажарнай машыны дазваляюць развіваць вялікую хуткасць. Вадзіцель паспеў яшчэ паездзіць на ЗІЛе — той, вядома, быў крыху меншы i больш манеўраны, але састарэў безнадзейна. У цыстэрне ЗІЛа — 2,5 тоны вады. Што такой колькасцю можна патушыць? А у МАЗа — 10 тон. Розніца адчувальная. І абсталяванне ў машыне ўсё, якое неабходна: лябёдка, аварыйна-выратавальны інструмент, на даху нават мачта асвятлення — без праблем можна і ўначы працаваць.
— Гэта хутчэй служба, а не кар’ера, адчуванне таго, што ты можаш дапамагчы людзям тады, калі больш за ўсё ім патрэбны, — дзеліцца разважаннямі Сяргей Уласевіч.
Мужчына навучыўся эмацыйнай стабільнасці, а на пытанне, калі апошні раз плакаў, адказаць не змог — не памятае такога выпадку. Свой мужны характар ён перадаў сынам: малодшы хоча стаць вайскоўцам, цяпер вучыцца ў школе, а старэйшы з гонарам выконвае сваю службу ў Дзятлаўскім РАНС і ўпэўнена глядзіць у будучыню.
Юлія БАКУНОВІЧ