У дзевятнаццаты студзеньскі дзень усе, хто працуе ў структуры Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, адзначаюць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні гэтай даты начальнік аддзела Дзятлаўскага РАНС Уладзімір Нячаеў расказаў аб дасягненнях і поспехах свайго калектыву.
— З якімі вынікамі вы сустракаеце сваё прафесійнае свята?
— Самае галоўнае дасягненне — гэта змяншэнне колькасці пажараў, а менавіта, з 29 у 2016 годзе да 23 у 2017-ым. У 2016 годзе на пажарах загінулі 3 чалавекі, у мінулым годзе загінулых не было.
Наша работа заключаецца не толькі ў выратаванні пацярпелых, ліквідацыі надзвычайных сітуацый, але і ў прафілактычнай рабоце. Гэта работа найлепш была наладжана ў Казлоўшчынскім, Дварэцкім, Жукоўшчынскім, Вензавецкім, Мяляхавіцкім сельскіх саветах.
Сёння як ніколі з’яўляецца актуальнай работа назіральных камісій. Яны наведваюць і выяўляюць магчымую небяспеку ў адзінокіх, інвалідаў, ветэранаў, шматдзетных сем’ях, у людзей, якія злоўжываюць спіртным. Памяншэнне колькасці загінулых на пажарах — гэта таксама вынік нашай сумеснай работы.
— Калектыў Дзятлаўскага РАНС, які ён?
— Усе супрацоўнікі службы ўпэўненыя ў сабе, смелыя, здольны браць на сябе адказнасць у складаных сітуацыях, прымаць правільнае рашэнне і аб’ектыўна ацэньваць свае сілы і магчымасці.
Названыя якасці выяўляюцца ў залежнасці ад спецыфікі выконваемых задач і звязаны з паспяховасцю прафесійнай дзейнасці.
— Ці абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база вашага аддзела?
— Так. На працягу апошніх гадоў значна абнавілася не толькі пажарна-тэхнічнае абсталяванне, але і аўтапарк аддзела. На сёння на ўзбраенні адна аўтацыстэрна ёмкасцю 5 тон на базе аўтамабіля МАЗ і дзве аўтацыстэрны павышанай праходжанасці з аб’ёмам вады 10 тон, што дазваляе больш аператыўна выконваць баявую задачу і праводзіць ліквідацыю пажараў без дадатковых затратаў, для гэтага дастаткова запасу вады, якая падвозіцца ў аўтацыстэрне.
Акрамя таго, набылі падоўжаныя паветраправоды для работы ў калодзежах. Гэта дазваляе аказваць дапамогу пацярпелым пры падняцці іх наверх. Дзве новыя гразевыя мотапомпы дазволяць нам ліквідаваць наступствы надзвычайнай сітуацыі, пры якой неабходна адпампаваць ваду з прымессю цвёрдых часціцаў. Наша падраздзяленне ўкамплектавана апаратамі новага ўзору для работы ў непрыгодным для дыхання асяроддзя. Ёсць аўталесвіцы даўжынёй 30 метраў для работы на шматпавярховых дамах.
— Вы, ратаўнікі, дапамагаеце людзям. А хто дапамагае вам?
— У першую чаргу, Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт. Асабіста хачу падзякаваць яго старшыні Аляксандру Дубовіку і старшыні камісіі па надзвычайных сітуацыях Юрыю Залеўскаму. За апошнія 10 гадоў мы атрымалі першую значную дапамогу на набыццё абсталявання.
Як я ўжо гаварыў, у раёне знізілася колькасць пажараў, гібель на іх людзей. Гэта заслуга не толькі работы назіральных камісій, але і наладжанай працы рабочай групы раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Iгара Кухарэвіча.
Ёсць людзі, якія па волі лёсу апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях па меры свайго ўзросту і здароўя. Вырашэнне іх пытанняў і праблем праводзіцца сумесна з галоўным доктарам раённай бальніцы Марыяй Максімовіч.
— Што пажадаеце свайму калектыву напярэдадні прафесійнага свята?
— Моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і спакойных прафесійных будняў. Жадаю і надалей з гонарам і годнасцю выконваць свой службовы абавязак.
Таццяна ГРЫЦУК
Стоит почитать:
Новае пажарнае аварыйна-выратавальнае дэпо ў Дзятлаве