Бяспека важней за ўсё

Здарэнні і бяспека

Бесперабойнае электразабеспячэнне спажыўца — гэта задача, якая патрабуе ўстанаўлення асаблівага рэжыму аховы электрычных сетак і яго выканання ўсімі прадпрыемствамі і грамадзянамі. Правіламі аховы ліній электраперадачы ўстаноўлены асноўныя метады іх аховы, вызначаны прававы рэжым ахоўных зон. Як вядома, тэрыторыі ахоўных зон не выключаюцца з сельскагаспадарчага абароту або іншага выкарыстання, не абмяжоўваецца і доступ грамадзян на гэтыя тэрыторыі. Разам з тым, прадпрыемствы, у распараджэнні якіх знаходзяцца электрычныя сеткі, маюць права прыпыняць работы, якія вядуцца з парушэннем патрабаванняў па іх ахове.

Правілы прадугледжваюць абавязковае атрыманне дазволу на выкананне шэрагу работ паблізу электрычных сетак. Выкананне работ з прымяненнем высокагабарытных машын і механізмаў у ахоўнай зоне паветраных ліній павінна выконвацца па нарадзе-допуску і быць узгоднена з уладальнікам электрычных сетак, у падпарадкаванні якога знаходзіцца паветраная лінія.

Работы ў ахоўнай зоне павінны выконваць не менш чым два чалавекі, адзін з якіх — назіральнік. Праезд машын і механізмаў пад правадамі паветранай лініі па прасёлачных дарогах і па-за дарогамі рэкамендуецца арганізоўваць паблізу апор і ўпоперак восі. Пры гэтым вышыня машын не павінна перавышаць 4,5 метра.

Пры падзенні провада паветранай лініі на машыну вадзіцель, не выходзячы з кабіны, павінен адразу ж спыніць машыну, паведаміць аб здарэнні ўладальніку электрычных сетак і да прыезду аварыйнай брыгады не прымаць ніякіх самастойных дзеянняў. Калі ў выніку падзення провада паветранай лініі або ўзнікнення электрычнага разраду машына загарыцца, то абслугоўваючы персанал павінен тэрмінова яе пакінуць, але так, каб не было адначасовага сутыкнення чалавека з корпусам машыны і зямлёй. Лепш за ўсё саскочыць на зямлю на абедзве самкнутыя нагі, не трымаючыся за машыну, а аддаляцца ад яе можна толькі скачкамі на адной або дзвюх самкнутых нагах да зняцця напружання або на адлегласць 8-10 метраў. Да прыезду спецыяльнай брыгады забараняецца прадпрымаць любыя дзеянні па пажаратушэнні машыны, пры гэтым неабходна арганізаваць ахову месца здарэння.

Пры пашкоджанні паветраных ліній, абрыве правадоў неабходна тэрмінова паведаміць дзяжурнаму персаналу электрычных сетак адміністрацыйнага раёна.

Памятайце, што толькі правільнае абыходжанне з электраэнергіяй гарантуе бяспеку жыцця людзей.

Вячаслаў ПЯТРАШ,
дзяржаўны інспектар па энерганаглядзе



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *