З’езд вучоных Беларусі адкрыўся ў Мінску

Падзеі

II З’езд вучоных Беларусі адкрыўся ў Мінску.

У форуме, які праходзіць 12-13 снежня, прымаюць удзел 2,6 тыс. чалавек, у тым ліку замежныя госці. Прыехалі дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама вядомыя вучоныя Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.

У першы дзень работы з’езда дэлегаты і запрошаныя будуць працаваць па дзевяці секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Прадугледжана арганізацыя маладзёжнай секцыі. Работа секцый будзе праходзіць у арганізацыях НАН Беларусі, а таксама ў арганізацыях іншых міністэрстваў і ведамстваў. На з’ездзе будуць працаваць секцыі: «Фізіка і інфарматыка ў тэхналогіях будучыні» (месца правядзення — Інстытут фізікі НАН), «Тэхнічныя навукі — Індустрыя 4.0» (БНТУ), «Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне» (БДУ), «Сучасныя біятэхналогіі» (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН); «Медыцынскія і фармацэўтычныя навукі» (Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі), «Айчынная гуманітарыстыка — грамадству» (Прэзідыум НАН Беларусі); «Інавацыйны аграпрамысловы комплекс» (НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі); «Моладзь і новыя гарызонты навукі» (Ліцэй БДУ), «Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе» (Прэзідыум НАН Беларусі). У час работы апошняй секцыі адбудзецца пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і пасяджэнне Кансультатыўнага савета па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій пры МААН. На кожнай з дзевяці секцый арганізавана тэматычная выстаўка.

Пленарнае пасяджэнне пройдзе 13 снежня. На месцы яго правядзення адкрыецца абагульненая міжведамасная выстаўка. НАН Беларусі і Беларуская гандлёва-прамысловая палата прыменяць новую канцэпцыю выставачнай дзейнасці. Выстаўка пройдзе пад лозунгам «Беларусь інтэлектуальная» і будзе складацца з васьмі кластараў, звязаных з прыярытэтамі развіцця краіны: Беларусь як IT-краіна і тэхналогіі штучнага інтэлекту, электратранспарт, электроніка, нанаіндустрыя і адытыўная вытворчасць, касмічныя тэхналогіі, беспілотныя рабатызаваныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка, прамысловыя тэхналогіі і новыя матэрыялы. Будзе прадстаўлены беларускі персанальны суперкамп’ютар, электрамабіль, электравеласіпед і іх кампаненты, беспілотнікі, сонечныя элементы, разумныя ніткі для лёгкай прамысловасці, прадэманстраваны магчымасці 3D-друку з розных матэрыялаў, паказаны вынікі работы Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і спадарожніка сувязі «Белінтэрсат-1».

У час з’езда будзе прэзентавана ўнікальнае выданне — кніга «Вучоныя, якія праславілі Беларусь». У ёй расказваецца пра больш як 150 выдатных дзеячаў беларускай навукі. Кніга была падрыхтавана і выдадзена ў Год навукі.

Ключавы дакумент, які вынесены на II З’езд вучоных Беларусі, — праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». Цяпер гэты праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3 працэнты, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак — 30 працэнтаў у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі — 10 працэнтаў. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25 працэнтаў будзе займаць інавацыйная прадукцыя.

Правядзенне з’езда стане падагульняючым мерапрыемствам Года навукі. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя і найбольш актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы, якія маюць доўгатэрміновы характар, у тым ліку пашырэнне міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інтэграцыя айчыннай навукі ў сусветную навуковую прастору, выпрацаваны канцэпцыя доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны і генеральная стратэгія развіцця і павышэння ролі айчыннай навукі ў эканоміцы, яе ўзаемадзеяння з рэальным сектарам, фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і паступальнай рэалізацыі мадэлі эканомікі ведаў у Беларусі.

 

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *