У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава прайшоў раённы тыдзень антынаркатычнага руху.
З мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця сярод вучняў і іх бацькоў, паводле плана работы раённага антынаркатычнага атрада «Альтэрнатыва +» на 2017/2018 навучальны год, члены атрада правялі раённую PR-акцыю «Місія — жыць!». У рамках акцыі сярод жыхароў райцэнтра распаўсюдзілі тэматычныя буклеты «Зварот да бацькоў: «Увага — наркотыкі. Спайс — новая зброя масавага знішчэння моладзі!», «Асцярожна! Спайсы забіваюць».
Акцыя была скіравана на прыцягненне грамадскасці да ўдзелу ў супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыку іх ужывання.
На працягу антынаркатычнага тыдня навучэнцы гурткоў Цэнтра творчасці паглядзелі і абмеркавалі кінастужкі: «Спайсы забіваюць», «Паляванне за розумам», «Спайсы і солі — біч моладзі», «Пад грыфам «Смяротна».
Навучэнцы прынялі ўдзел у раённым этапе абласнога конкурсу відэаролікаў сацыяльнай рэкламы, якая адлюстроўвае дзейнасць антынаркатычнага руху «ВЕК».
Для выхаванцаў Дзятлаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра ладзіўся групавы занятак BTL-агенцтва «Жыццё бясцэннае».
Свае веды навучэнцы змаглі праверыць і ў час гульнявой віктарыны «Наркотыкі і закон».
Напрыканцы тыдня яго ўдзельнікам было прапанавана падрыхтаваць прэзентацыю па выніках антынаркатычнай акцыі «Місія — жыць!» з фотасправаздачай на сайце Цэнтра творчасці.
І. МІШЧАНКА,
метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава