Усё грамадства падключаецца да дабрачыннай навагодняй акцыі «Нашы дзеці». Аб гэтым сёння журналістам заявіла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Галаўнёва.
Старт акцыі будзе дадзены 11 снежня. «У яе мерапрыемствы будзе ўключана ўсё грамадства. Мы назіраем тэндэнцыю, калі некаторыя фізічныя асобы, ІП аказваюць дапамогу ў правядзенні навагодніх свят, арганізуюць свае акцыі, робяць ахвяраванні», — расказала Алена Галаўнёва.
Паводле апошніх даных, да правядзення акцыі маюць намер падключыцца 90 міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў. Знамянальна, што апошнія некалькі гадоў святы для сваіх равеснікаў і пажылых людзей праводзяць таксама самі дзеці.
Алена Галаўнёва расказала, што мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх малых і вялікіх населеных пунктах краіны. Удзел у ранішніках прымуць кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый і прадпрыемстваў.
Галоўная ёлка краіны пройдзе ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, сюды запрошаны 2 370 дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Рыжскай беларускай школы, беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе.
Традыцыйная дабрачынная навагодняя акцыя «Нашы дзеці» пройдзе ў Беларусі з 11 снежня 2017 года па 10 студзеня 2018-га. Ва ўсіх рэгіёнах краіны ў гэтыя дні адбудуцца святочныя навагоднія паказы. У акцыі прымуць удзел больш як 15 тыс. дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, чые бацькі загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.