У іх руках — будучыня

Падзеі

У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» адбылося святочнае віншаванне юных інтэлектуалаў. У актавай зале гімназіі №1 горада Дзятлава сабраліся лепшыя навучэнцы школ раёна — пераможцы алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Павіншаваць іх прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Белаус, яе намеснік, старшыня раённай арганізацыі ГА «БСЖ» Алена Жадзейка, галоўны спецыяліст аддзела Алена Гарановіч.

Сустрэча праходзіла ў фармаце праграмы «Ва ўвесь голас», яе задачамі былі падвесці вынікі Года навукі і прадэманстраваць дасягненні лепшых вучняў Дзятлаўшчыны. Для гэтага вядучыя праекта выбралі розныя формы — інтэрв’ю, віктарыны, відэапасланні, апытанні, гульні, майстар-класы і нават прынеслі ў студыю чорную скрыню для знатакоў. Але інтэлектуалы годна абаранялі сваё званне, з гумарам, праявіўшы кемлівасць і фантазію, справіліся з усімі іспытамі.

Праўда, давялося папацець, напрыклад, калі ў трох юнакоў ніяк не атрымлівалася сплесці лаўравы вянок, у той час як дзяўчына справілася з заданнем за лічаныя секунды, або калі з літар на хуткасць складалі словы песень, ці калі адгадвалі відэазагадкі выхаванцаў дзіцячага садка.

Ігар Кухарэвіч павіншаваў прысутных. Зазначыў, што сёлетнія дасягненні лепшых навучэнцаў сімвалічна супалі з Годам навукі, але наперадзе ў паспяховых юнакоў і дзяўчат — новыя гарызонты. Ігар Станіслававіч пажадаў, каб на шляху да іх школьнікам спадарожнічалі ўдача і старанне.

— Упэўнена, што будучыня нашага раёна ў надзейных руках, — адзначыла напрыканцы свята Алена Жадзейка, дзякуючы навучэнцам і педагогам за цікавае мерапрыемства.
Дзед Мароз і Снягурачка, згодна з гараскопам, таксама напрарочылі прысутным новыя дасягненні ў новым 2018 годзе і ўручылі традыцыйныя салодкія падарункі ад аддзела адукацыі.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *