Папярэджанні і адабранне дзяцей

Падзеі

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы і хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія належным чынам не выконваюць свае абавязкі.

Рана таксама нельга

На бацькоў двух сяброў-падлеткаў былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за тое, што не забяспечылі суправаджэнне сыноў. Раніцай у 5 гадзін 30 хвілін на вуліцы Першамайскай у Дзятлаве хлопцаў спынілі супрацоўнікі міліцыі і пацікавіліся, што яны робяць на вуліцы адны ў ранні час. Падлеткі адказалі, што сабраліся на ранішнюю прабежку.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама высветлілася, што сябры-школьнікі і сапраўды вырашылі заняцца спортам. Бацькоў не папярэдзілі, спадзеючыся вярнуцца дахаты, пакуль тыя будуць спаць. Юныя спартсмены не ўлічылі галоўнага: з 23 гадзін да 6 гадзін дзецям да 16 гадоў можна гуляць толькі ў суправаджэнні дарослых.

У школе хлопцы характарызуюцца станоўча, таму на першы раз іх бацькоў папярэдзілі аб недапушчэнні падобных парушэнняў у далейшым.

Адзначылі дзень нараджэння

Вечарам на вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве праваахоўнікі затрымалі двух нецвярозых школьнікаў. На іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы. Як высветлілася пазней, пілі падлеткі дома: у аднаго з хлопцаў быў дзень нараджэння, які і адзначылі са спіртным. Дарослыя не ведалі, што дзеці збіраюцца ўжываць алкаголь, і свайго дазволу на гэта, вядома ж, не давалі.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама хлопцы віну прызналі, паабяцалі выправіцца. Каб заахвоціць навучэнцаў здаровым ладам жыцця, у школе іх запісалі ў спартыўную секцыю.

Улічыўшы, што непаўналетнія не маюць уласных даходаў, іх папярэдзілі, аднак яны будуць знаходзіцца на асаблівым кантролі сацыяльна-педагагічнай службы, на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

Часу было дастаткова

Двое непаўналетніх, сястра і малодшы брат, сустрэнуць зімовыя святы ў сацыяльным прытулку, бо былі прызнаны камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Аднак для дзяцей гэта някепскі варыянт: у іх будуць чыстая бялізна, цікавыя заняткі, сябры і падарункі.

Умовы для дзяцей не змяніліся да лепшага, хаця мінуў не адзін год з дня прызнання сям’і сацыяльна небяспечнай. Старэйшую дачку раней ужо прызнавалі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне, аднак дарослыя не зрабілі высноваў для сябе. Бацька дзяцей прывёў у хату маладую сужыцельку, але і яна не старалася быць дбайнай гаспадыняй. У хаце, дзе жыве сям’я, і вакол яе звычайна пануе беспарадак, старэйшая дзяўчынка саромеецца аднакласнікаў.

Спецыялісты адказных службаў сцвярджаюць, што парадак наводзіцца толькі па іх пераканаўчых просьбах. У дарослых было дастаткова часу, каб выправіцца.

Цяпер яны сталі абавязанымі асобамі, і калі не перайначаць жыццё за шэсць месяцаў, дакументы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў будуць накіраваны ў суд.

Можа сабе дазволіць

На адрас камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама паступіла хадайніцтва аб прыняцці мераў да маці трох непаўналетніх, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Нягледзячы на гэта, жанчына бывае п’янай, не заўсёды падтрымлівае належны парадак дома. Жыве гора-маці з сужыцелем, дзеці забяспечаны ўсім неабходным.

Спецыялісты адказных службаў адзначаюць, што ў лістападзе засталі жанчыну дома п’янай. Дзеці ў гэты час знаходзіліся ў бабулі, акрамя сына 2016 года нараджэння. Аказваецца, падобныя паводзіны маці дазваляла сабе і раней, а яшчэ не заўсёды выконвала патрабаванні навесці парадак у хаце і на надворку.

Жанчыну папярэдзілі, што сям’я будзе пад асаблівым кантролем, і калі яна не адмовіцца ад алкаголю, дзяцей прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Сустрэнуцца ў судзе

Педагогі адной са школ раёна наведалі сацыяльна небяспечную сям’ю. На гэты раз з-за таго, што дзеці прапусцілі наведванне школьнага аздараўленчага лагера. Дома была толькі маці непаўналетніх, якая займалася хатнімі справамі, бацька знаходзіўся на рабоце. Жанчына не вельмі ахвотна адказвала на пытанні настаўнікаў, а пасля ўвогуле пачала выкрыкваць ім крыўдныя словы. Абараніць свае гонар і годнасць педагогі вырашылі ў судзе, куды падалі заяву.

Жанчыну з мужам выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Высветлілася, што дзеці ў той дзень з бабуляй ездзілі на рынак набываць цёплае адзенне. Гэта не забаронена, аднак бацькі павінны былі загадзя папярэдзіць аб гэтым педагогаў. Муж апраўдваўся, што ў жонкі цяжкі характар. Раней жанчына ўжывала алкаголь, затым прайшла лячэнне. Сітуацыя ў сям’і выпраўлялася, але апошні канфлікт перакрэсліў многія станоўчыя моманты.

Дарослых папярэдзілі, параілі навучыцца стрымліваць агрэсію.

Варта хутчэй наладзіць быт

Сям’я, дзе гадуюцца двое дзяцей, пераехала на Дзятлаўшчыну з Брэсцкай вобласці і жыве тут ўжо некалькі месяцаў. Адносіны паміж бацькам і маці афіцыйна не аформлены, бацькоўства мужчына таксама не ўстанавіў. Працуе толькі маці, бацька — беспрацоўны. Сям’я арандуе нядобраўпарадкаваны жылы дом, не падключаны да электразабеспячэння, дзе да нядаўняга часу не было нават печкі. Печ склалі, праводку пракладваюць, электрычнасць дамовіліся падключыць ад суседзяў. Таксама дарослыя робяць неабходны рамонт, але яго замаруджвае недахоп грошай. Нядаўна сям’я набыла дровы, якіх павінна хапіць на ўсю зіму. Пакуль быт не наладжаны, жанчына з дзецьмі начуе ў родных.

Гаспадар паабяцаў членам камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, што скончыць неабходныя рамонтныя работы на працягу некалькіх тыдняў.

Дарослых папярэдзілі, што, калі гэтага не адбудзецца, дзяцей забяруць з-за адсутнасці належных умоваў для іх пражывання.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *