Медыцынскія ВНУ зацікаўлены ў стварэнні ў Беларусі ўніверсітэцкіх клінік

Падзеі

Медыцынскія ВНУ зацікаўлены ў стварэнні ў Беларусі ўніверсітэцкіх клінік, заявіў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі.

Магчымасць арганізацыі ўніверсітэцкіх клінік прапануецца абмеркаваць на адной з секцый ІІ З’езда вучоных Беларусі, які пройдзе 12-13 снежня ў Мінску. «Універсітэты медыцынскага профілю зацікаўлены ў гэтым. Прыклады многіх краін Заходняй Еўропы, ЗША, бліжэйшых суседзяў сведчаць аб тым, што ўніверсітэцкія клінікі — вельмі запатрабаваная і правільная форма арганізацыі лячэбнай, адукацыйнай і навуковай практык», — адзначыў Віктар Сняжыцкі. На думку субяседніка, адсутнасць такіх клінік стрымлівае развіццё медыцынскай навукі. Цяпер медыцынскія ВНУ на падставе дагавораў з бальніцамі вучаць студэнтаў на іх базе.

Ключавым дакументам, які будзе вынесены на ІІ З’езд вучоных Беларусі, будзе праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». Сенатар падкрэсліў, што гэта цэльны дакумент, у якім выкладзена новая канцэптуальная мадэль развіцця навукі, тэхналогій і нацыянальнай эканомікі ў цэлым. У праекце стратэгіі ўлічаны глабальныя трэнды ў гэтай сферы, дакладна сфармуляваны ключавыя мэты і задачы. Віктар Сняжыцкі звярнуў увагу, што ў дакуменце разам з прыярытэтамі і галіновымі напрамкамі навукова-тэхналагічнага кірунку значнае месца адведзена развіццю сістэмы адукацыі, падрыхтоўцы кадраў. Размова ідзе не толькі аб укараненні мадэлі «Універсітэт 3.0», але і аб якасных змяненнях у працэсе навучання, калі студэнтаў будуць нацэльваць і на генерацыю новых ідэй.

Акрамя таго, у стратэгіі прадугледжаны шэраг інструментаў, якія будуць стымуляваць развіццё навукі, — удасканаленне нарматыўнай прававой базы, пытанні стратэгічнага развіцця дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі і тэхналогій, фінансавага забеспячэння. Віктар Сняжыцкі ўпэўнены, што ў навуцы, у тым ліку ўніверсітэцкай, неабходна шукаць дадатковыя магчымасці для павелічэння долі пазабюджэтных даходаў — напрыклад, за кошт удзелу ў міжнародных праектах, заключэння гаспадарчых дагавораў.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *