Амаль 2,6 тыс. дэлегатаў прымуць удзел у З’ездзе вучоных Беларусі

Падзеі

Амаль 2,6 тыс. дэлегатаў прымуць удзел у ІІ З’ездзе вучоных Беларусі 12-13 снежня, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.

«Папярэдні з’езд вучоных прайшоў 10 гадоў таму, па гэтай прычыне вельмі важна падвесці вынікі і вызначыць далейшыя задачы навукова-тэхналагічнай сферы ў краіне. На з’ездзе будуць працаваць 2,6 тыс. чалавек, з іх каля 500 — замежныя госці. У нас ёсць прарыўныя распрацоўкі, нам ёсць што паказаць замежным калегам. Мы нават падрыхтавалі спецыяльны зборнік «Брэнды Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», — сказаў Уладзімір Гусакоў. Чакаецца прыезд вядомых вучоных Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.

У першы дзень работы з’езда дэлегаты і запрошаныя будуць працаваць па секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Работа секцый будзе праходзіць у арганізацыях НАН Беларусі, а таксама ў арганізацыях іншых міністэрстваў і ведамстваў. На з’ездзе будуць працаваць наступныя секцыі: «Фізіка і інфарматыка ў тэхналогіях будучага» (месца правядзення — Інстытут фізікі НАН), «Тэхнічныя навукі — Індустрыя 4.0» (БНТУ), «Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне» (БДУ), «Сучасныя біятэхналогіі» (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН); «Медыцынскія і фармацэўтычныя навукі» (Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі), «Айчынная гуманітарыстыка — грамадству» (Прэзідыум НАН Беларусі); «Інавацыйны аграпрамысловы комплекс» (НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі); «Моладзь і новыя гарызонты навукі» (Ліцэй БДУ), «Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе» (Прэзідыум НАН Беларусі). У час работы апошняй секцыі адбудзецца пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і пасяджэнне Кансультатыўнага савета па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій пры МААН.

На кожнай з дзевяці секцый будзе арганізавана свая тэматычная выстаўка. А ў час пленарнага пасяджэння 13 снежня будзе адкрыта абагульненая міжведамасная выстаўка з васьмі кластараў, звязаных з важнейшымі задачамі беларускай навукі, адпаведнымі сусветным трэндам развіцця тэхналогій (ІТ-сфера, штучны інтэлект, электратранспарт, беспілотнікі, хімічныя тэхналогіі, біятэхналогіі і інш.).

Ключавым дакументам, які будзе вынесены на ІІ З’езд вучоных Беларусі, стане праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». Цяпер праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных. Прадугледжваецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3 працэнты, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак — 30 працэнтаў у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі — 10 працэнтаў. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25 працэнтаў будзе займаць інавацыйная прадукцыя.

Правядзенне з’езда стане падагульняючым мерапрыемствам Года навукі. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя і найбольш актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы, якія маюць доўгатэрміновы характар, у тым ліку пашырэнне міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інтэграцыя айчыннай навукі ў сусветную навуковую прастору, выпрацаваны канцэпцыя доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны і генеральная стратэгія развіцця і павышэння ролі айчыннай навукі ў эканоміцы, яе ўзаемадзеяння з рэальным сектарам, фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і паступальнай рэалізацыі мадэлі эканомікі ведаў у Беларусі.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *