Вынікі кантролю за выкананнем даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па ліквідацыі парушэнняў у сферы грамадскага харчавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі былі разгледжаны на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.
Выяўлены парушэнні ў забеспячэнні належнай арганізацыі харчавання школьнікаў.
У вобласці існуе практыка закупкі прадуктаў харчавання і харчовай сыравіны праз пасрэдніцкія структуры, дрэнна арганізавана работа па зніжэнні затратаў, дапускаюцца парушэнні ўстаноўленага парадку фарміравання цэнаў на харчаванне.
Так, камбінатамі школьнага харчавання горада Гродна пры закупках агародніннай прадукцыі ў аптовай арганізацыі гранічная гандлёвая надбаўка ў памеры 20% дабаўлялася не да цаны вытворцы, а да цаны пастаўшчыка. Як вынік — значнае падаражанне страваў з агародніны, прыгатаваных для школьнікаў.
У правераных установах не выконваліся нормы харчавання, не захоўваліся зацверджаныя двухтыднёвыя рацыёны харчавання, заніжаліся нормы выхаду гатовых блюдаў на адзін прыём, не выконвалася энергетычная каштоўнасць страваў.
Устаноўлены шматлікія парушэнні санітарных правілаў і нормаў аб’ектаў грамадскага харчавання, пачынаючы ад забеспячэння чысціні харчблокаў, мыцця посуду і кухоннага інвентару і заканчваючы выкананнем правілаў асабістай гігіены персаналам.
Выяўленыя парушэнні ў шэрагу выпадкаў пацвярджаюць адсутнасць у дзяцей жадання харчавацца ў школе, а таксама незадаволенасць бацькоў як рацыёнам, так і коштам абедаў.
Па выніках пасяджэння калегіі дадзены канкрэтныя даручэнні мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, прадпрыемствам, якія ажыццяўляюць арганізацыю школьнага харчавання, па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, прыцягненні вінаватых асобаў да дысцыплінарнай адказнасці, нават да вызвалення ад займаных пасадаў, прыняцця мераў па пытанні харчавання школьнікаў пры закупках таннейшай сыравіны, а таксама выяўленні рэзерваў па зніжэнні расходаў.
А. САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці