Лукашэнка: у эканоміцы намеціўся рост, але падстаў для самазаспакоенасці няма

Улада

У беларускай эканоміцы ў 2017 годзе намеціўся некаторы рост, але падстаў для самазаспакоенасці няма, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на дакладзе ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што 2018 год будзе асаблівым. Трэба будзе пераадолець адставанне, дапушчанае ў 2016 годзе, і выйсці на траекторыю пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«У гэтым годзе намеціўся некаторы рост эканомікі, ёсць пазітыўныя зрухі ў яе ключавых галінах. Унутраны валютны рынак устойлівы. Сальда знешняга гандлю дадатнае. Мы нарасцілі золатавалютныя рэзервы, аднаўляем аб’ёмы экспарту. Тым не менш падстаў для самазаспакоенасці быць не можа. Эканоміка за 2015-2016 гады страціла 6 працэнтаў. У гэтым годзе адыгралі толькі 2 працэнты, што яўна недастаткова», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, узнікае заканамернае пытанне: чаму пры росце ВУП няма запланаванага павелічэння даходаў насельніцтва? «Я не настойваю на тым, каб гэта быў завоблачны рост — прымальны рост, і ён вызначаны. Нават за два гады мы не аднавілі ўзровень, які быў у канцы мінулай пяцігодкі. Ды і з выкананнем майго даручэння па дасягненні сярэдняй заработнай платы ў памеры тысячы рублёў шмат пытанняў і праблем. У сувязі з гэтым што мы маем у гэтай частцы на 2018 год?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно важнае пытанне — занятасць насельніцтва. Тут, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, таксама не ўсё добра. «Урад дакладвае пра 50 тыс. новых рабочых месц, але ў той жа час, як канстатуюць статыстыкі, колькасць звольненых перасягнула колькасць прынятых на работу на 43 тыс. чалавек — два сярэднія раёны Беларусі. Колькасць занятых у эканоміцы павінна расці. Без гэтага расказваць пра макрастабільнасць сэнсу няма», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На нарадзе абмяркоўваюцца важнейшыя дакументы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, якія вызначаць развіццё краіны ў будучым годзе. У прыватнасці, Саветам Міністраў адобраны і ўнесены на разгляд праекты ўказаў аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год і асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі рэспублікі на 2018 год, законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год.
Як далажыў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучы год сфарміраваны зыходзячы з неабходнасці вырашэння ключавой задачы па забеспячэнні макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці пры больш актыўным уплыве ўнутранага попыту на эканамічны рост.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *