Атрымалі пашпарты ў юбілей Канстытуцыі

Важнае Улада

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў Дзень Канстытуцыі юным грамадзянам уручылі пашпарты.

Адметна, што свой першы дакумент 22 навучэнцы школ раёна, якія дасягнулі 14 гадоў, атрымалі ў 30-гадовы юбілей Асноўнага Закона нашай дзяржавы, яшчэ 66 школьнікаў былі прыняты ў рады ГА “БРСМ”.

Урачыстасць у рамках усебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” праходзіла з удзелам прадстаўнікоў улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў,  супрацоўнікаў пракуратуры, аддзела ўнутраных спраў, навучэнцаў, дзятлаўчан. Яшчэ ў 2004 годзе ініцыятыва аб правядзенні акцыі была прапанавана Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і сёлета ўжо ў 20 раз яна праходзіла пад эгідай моладзевага аб’яднання. За два дзесяцігоддзі патрыятычны праект набыў шырокую папулярнасць і ператварыўся ў адну з важнейшых традыцый: уручэнне нацыянальных пашпартоў падлеткам падкрэслівае іх пераход у дарослае жыццё.

Прысутных на юбілейным свяце, якое праходзіла пад сімвалічнай назвай “Усе мы розныя – усе мы роўныя”, павітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

– Канстытуцыя ва ўсе часы была ўвасабленнем развітай дзяржаўнасці, грамадзянскасці, дэмакратычных правоў і свабодаў чалавека, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч. – Асноўны Закон краіны замацаваў роўнасць кожнага, незалежна ад паходжання, адлюстраваў вопыт і дасягненні Беларусі, назапашаныя за многія стагоддзі гісторыі. Ён вызначае стратэгію далейшага развіцця краіны. Абапіраючыся на Канстытуцыю, наша рэспубліка ўпэўнена прайшла праз няпростыя выпрабаванні, захавала сваю цэласнасць. Яна была і застаецца гарантам далейшага развіцця, паступовага руху да дабрабыту. Асноўная ідэя Канстытуцыі ў тым, што дзяржава павінна служыць грамадству і людзям, працаваць на дабрабыт і поспех кожнага з грамадзян. Упэўнены, што наша сумесная стваральная праца дапаможа рэалізаваць вызначаныя ў Канстытуцыі правы і свабоды.

Пашпарты, асобнікі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у новай рэдакцыі ад раённага камітэта ГА “БРСМ”, падарачныя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і памятныя сувеніры ад раённага Савета дэпутатаў на сцэне маладым дзятлаўчанам уручалі Аляксандр Бараноўскі, вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва групы па грамадзянстве і міграцыі АУС райвыканкама Святлана Гоман, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка.

Юнакі і дзяўчаты паабяцалі апраўдаць ускладзены на іх давер: вучыцца і працаваць на карысць роднай краіны – ад імя равеснікаў гэтыя думкі ў сваім выступленні выказала навучэнка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Лізавета Трайнель.

У святочны дзень у рамках новай традыцыі пераемнасці моладзевых арганізацый краіны піянеры нашага раёна развіталіся з аб’яднаннем і ўрачыста перадалі свае гальштукі старшыні раённай арганізацыі ГА “БРПА” Ірыне Мішчанка. Наўзамен кожны з іх атрымаў  членскія білеты ГА “БРСМ” і памятныя сувеніры моладзевага аб’яднання ад першага сакратара – Кацярыны Хілімончык.

Самыя цёплыя і шчырыя музычныя падарункі для ўсіх удзельнікаў урачыстасці прагучалі ад работнікаў культуры Дзятлаўшчыны і маладых талентаў нашага раёна. У сваіх песнях яны яшчэ раз пажадалі любімай краіне міру, спакою і працвітання, а беларусам – дабрабыту і шчасця.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: