Другі з’езд вучоных Беларусі

Падзеі

У пачатку снежня ў Мінску пройдзе другі з’езд вучоных Беларусі. Плануецца, што ён будзе праходзіць на працягу двух дзён. Падрыхтоўка да яго ўжо пачалася. З часу першага з’езда, дзе кіраўніцтвам краіны перад навукай былі пастаўлены стратэгічныя задачы, прайшло 10 гадоў. За гэты час многае было зроблена, і наша грамадства ўступіла ў новую паласу развіцця.

У рабоце з’езда прымуць удзел 2100 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны і больш за паўтысячы запрошаных, у тым ліку з-за мяжы. Чакаецца прыезд вялікай колькасці вядомых навукоўцаў Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў. Дэлегаты і запрошаныя прымуць удзел у пленарным пасяджэнні, будуць працаваць па 9 секцыях, а пляцоўкамі для іх работы стануць ВНУ. Прадугледжана таксама арганізацыя секцыі «Моладзь у навуцы».

2017 год абвешчаны Годам навукі, і правядзенне з’езда стане яго выніковым мерапрыемствам. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя і найбольш актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы, якія маюць доўгатэрміновы характар, па пашырэнні міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі айчыннай навукі ў сусветную навуковую прастору; выпрацаваны генеральная стратэгія развіцця і павышэння ролі айчыннай навукі ў эканоміцы, яе ўзаемадзеяння з рэальным сектарам, фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і паступовай рэалізацыі новай мадэлі эканомікі, эканомікі ведаў у Рэспубліцы Беларусь, канцэпцыя доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны.

Папярэднічае маштабнаму мерапрыемству шэраг падзей. У кастрычніку адбыўся першы Усебеларускі з’езд філосафаў. 16 лістапада ў Нацыянальнай акадэміі навук пройдуць выбары акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў.

Таксама ідзе работа над указам па павышэнні заробкаў навукоўцаў, у тым ліку па стымуляванні работы маладых даследчыкаў.

Т. ГРЫЦУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *