27 кастрычніка ў Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы адбылася сустрэча з навагрудскім пісьменнікам, членам Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхаілам Зізюком. Ён піша вершы, прозу, песні, творы для дзяцей.
На мерапрыемства былі запрошаны вучні 5-6 класаў гімназіі №1 горада Дзятлава. У час сустрэчы пісьменнік прэзентаваў сваю новую кнігу “Энерджы і дзеці з 5 “А”. Гэта казачная аповесць для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту аб неверагодных прыгодах, гісторыях, падарожжы па аднаўляльных крыніцах энергіі. Кніга прысвечана энергазберажэнню і вучыць дзяцей, якім чынам яны могуць прымаць удзел у развіцці “зялёнай” энергетыкі і раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў.
Прэзентацыя прайшла незвычайна і цікава. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, чыталі вершы, казкі, апавяданні на беларускай мове.
Затым Міхаіл Зізюк расказаў пра сваю новую кнігу прозы “Планктон”. У ёй могуць знайсці цікавае для сябе аматары самых розных жанраў: прыгодніцкай і містычна-фантастычнай аповесці, псіхалагічнага аповеду, нарысаў. Усе творы ў кнізе аб’ядноўвае шчырая любоў да чалавека, прыроды, роднай зямлі.
Напрыканцы сустрэчы пісьменнік падарыў 20 кніг з памятным аўтографам Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы і самым актыўным удзельнікам мерапрыемства.
— Наша фантазія — самая хуткая рэч у свеце, — сказаў на развітанне Міхаіл Зізюк. — Не бойцеся марыць і развіваць свае творчыя здольнасці. Можа, у будучым некаторыя з вас таксама стануць пісьменнікамі.
М. ЛАПУШКА, А. ХРЫШЧАНОВІЧ,
бібліятэкары Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі