Адбылося пасяджэнне раённай прызыўной камісіі

Падзеі

У ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна адбылося пасяджэнне раённай прызыўной камісіі на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ігарам Кухарэвічам. Тут былі прыняты канчатковыя рашэнні аб прызыве на тэрміновую ваенную службу дзятлаўскіх юнакоў, а таксама аб прадастаўленні некаторым з іх адтэрміновак ад прызыву.

 

Прызыўнікі з ноткамі хвалявання, якое адчувалася і ў іх паводзінах, і ў час размовы, па адным з’яўляліся перад членамі камісіі з рапартам. Кожнаму юнаку персанальна даводзілі падрабязную інфармацыю аб тым, што ён афіцыйна прызваны на тэрміновую ваенную службу; вызначаны род войскаў, у якіх будзе служыць; у які дзень непасрэдна адбудзецца яго адпраўка ў вайсковую часць. Таксама, члены камісіі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўлады, ваеннага камісарыята, медыцыны, міліцыі, адказалі на пытанні прызыўнікоў, далі падрабязныя тлумачэнні па кожнай сітуацыі. Пры гэтым далі наказ на добрую службу.

 

— Галоўнае – правесці належны адбор прызыўнікоў, — адзначае ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. – Нездарма канчатковае рашэнне прымаецца на пасяджэнні раённай прызыўной камісіі. Мы павінны быць упэўненымі, што накіроўваем ва Узброеныя Сілы здаровых, фізічна моцных і псіхалагічна ўстойлівых юнакоў, якія свядома рыхтуюцца да выканання воінскага абавязку. Дарэчы, ступень годнасці па медыцынскіх паказчыках у прызыўнікоў гэтага прызыву высокая.

У бліжэйшы час папоўняць шэрагі беларускай арміі 49 юнакоў Дзятлаўскага раёна, з іх 45 будуць праходзіць тэрміновую ваенную службу, 4 – службу ў рэзерве. Сярод рэзервістаў – спецыялісты сельскагаспадарчай галіны і прамысловых прадпрыемстваў раёна.

Першыя з будучых абаронцаў ужо 9 лістапада накіруюцца ў вайсковыя часці. Служыць дзятлаўчанам давядзецца ў розных родах войскаў, у тым ліку сілаў спецыяльных аперацый, ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў.

І. КАМАРОВА
Фота В. ЮШКЕВІЧ

Стоит почитать:

Юнакоў Дзятлаўшчыны праводзілі ў армію



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *