Жыць у “Разумным доме” прапанавалі работнікам Дзятлаўскага раёна электрычных сетак

Падзеі

Пра сучасныя сістэмы аўтаматызацыі пад брэндам “Разумны дом”, якія могуць зрабіць жыццё чалавека максімальна камфортным, ішла размова на сустрэчы дзятлаўскіх сувязістаў з калектывам раёна электрычных сетак.

Паслуга “Разумны дом” ад кампаніі “Белтэлекам” заваёўвае папулярнасць у насельніцтва, таму што аўтаматызуе хатнія працэсы і гэтым стварае камфортную прастору ў быце, клапоціцца пра бяспеку жылля, павышае эфектыўнасць і даўгавечнасць работы інжынерных сістэмаў, зніжае спажыванне энергарэсурсаў.

Маркетолаг Дзятлаўскага вузла электрасувязі Ларыса Томчык прывезла на сустрэчу поўны камплект прыладаў і датчыкаў “Разумнага дома”. Не толькі паслухаць, але і патрымаць у руках, паглядзець у дзеянні гэты цуд тэхнікі сабраўся ледзь не ўвесь калектыў арганізацыі на чале з кіраўніком Міхаілам Ступчыкам.

“Разумны дом” – гэта сістэма прыладаў кіравання, відэаназірання, бесправадных датчыкаў. Паслуга перадае, збірае, захоўвае інфармацыю з дапамогай камп’ютара, планшэта, мабільніка. Карыстальнік па сваім жаданні можа наладзіць сістэму на выкананне пэўных дзеянняў. Да прыкладу, “разумныя” разеткі могуць дыстанцыйна рэгуляваць работу бытавых або офісных электрапрыбораў, уключаных у сетку; пры спрацоўванні датчыка руху можа актывавацца запіс камеры відэаназірання. Відэакамеры дазваляюць абаненту быць у курсе таго, што адбываецца ў рэжыме онлайн, запісваць відэа ці захоўваць здымкі для адкладзенага прагляду.

Як адзначыла маркетолаг Ларыса Томчык, паслуга арыентавана перш за ўсё на ўладальнікаў прыватных дамоў, кватэраў і юрыдычных асобаў, у якіх ёсць аддаленыя аб’екты, аднак, праз некаторы час элементы “Разумнага дома” могуць стаць часткай інжынернай інфраструктуры.

Пры падключэнні паслугі абанент атрымлівае ў карыстанне кантролер, які ўмее выходзіць у інтэрнэт і акумулюе працу ўсіх сэнсараў, а таксама тры датчыкі: задымленасці, руху і адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў. Датчыкі адкрыцця/закрыцця дзвярэй або вокнаў выглядаюць, як пластыкавыя брусочкі, устаноўка якіх спрашчаецца тым, што яны намагнічваюцца, і іх можна проста павесіць на металічную частку аконнай рамы або дзвярэй. Прынцып работы датчыка яшчэ прасцей, чым ўстаноўка. Калі хтосьці адкрыў дзверы або акно, дзве паловы сэнсара разамкнуліся, зачыніў – зноў злучыліся. Кожнае дзеянне фіксуецца, а інфармацыя аб ім перадаецца абаненту. Датчык дыму, як зразумела, улоўлівае задымленне. У “Разумнага дома” ёсць дадатковае абсталяванне. Па неабходнасці, абанент можа атрымаць пажаданую колькасць дадатковых датчыкаў задымленасці, руху і адкрыцця дзвярэй/вокнаў, а таксама іншыя прылады: відэакамеру, сірэну, разумную разетку, датчыкі тэмпературы і вільготнасці, датчыкі працёку вады.

За карыстанне камплектам налічваецца штомесячная абаненцкая плата, так як і за любыя іншыя паслугі сувязі. Устаноўку і наладку абсталявання “Разумнага дома”, па жаданні абанента, праводзяць спецыялісты Дзятлаўскага вузла электрасувязі.

Тэкст і фота І. КАМАРОВАЙ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *