На базе СШ №1 прайшоў семінар-практыкум па тэме «Асноўныя напрамкі падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры», арганізатарамі якога выступілі метадыст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Гузава і загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Барысенка.
Для настаўнікаў-прадметнікаў заняткі правёў кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, наш зямляк Уладзімір Куліковіч. Ураджэнец Станцыі Ашмяны Уладзімір Куліковіч – аўтар шэрагу кніг і дапаможнікаў па беларускай мове, сярод якіх “Гучанне беларускай мовы”, “Сучасная беларуская арфаграфія”, “Новае ў беларускай арфаграфіі” і інш.
Падчас семінара былі разгледжаны асаблівасці напісання водгуку і пытанні падрыхтоўкі вучняў да выканання комплекснай работы па беларускай мове і літаратуры, а таксама структурныя часткі і крытэрыі ацэнкі вуснага выказвання.