У чарадзе добрых традыцый Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” ёсць традыцыя ладзіць святочныя сустрэчы для актывістак руху да Дня маці. Не стаў выключэннем і 2017 год. На гэты раз гасцей прымала пярвічная арганізацыя БСЖ Наваельнянскага сельвыканкама ў Наваельнянскай сярэдняй школе.
Пачатак свята абвясцілі мажорныя мелодыі мясцовага духавога аркестра, які вітаў жанчын у фае ўстановы. Актавая зала была прыбрана па-восеньску ўрачыста і гасцінна: на сталах – пачастункі і чай, букеты позніх кветак у адмысловых гарбузовых вазах, на сцяне – выстава вучнёўскіх работ (намаляваныя партрэты матуляў і святочныя паштоўкі). Рыхтуючы канцэртную праграму, таксама пастараліся: выбралі самыя душэўныя, пяшчотныя песні і вершы.
Да актывістак жаночага руху звярнулася старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Жадзейка.
— Я далучаюся да віншаванняў, якія гучалі ў зале. Жадаю, каб вашы дзеці былі самадастатковыя, але звярталіся да вас па мудрыя парады, каб вам прыходзілі толькі добрыя весткі, каб для вас гучалі словы: “Цаню, паважаю, кахаю”.
Алена Іванаўна ўручыла прысутным жанчынам падарункі-сюрпрызы і памятныя падарункі шматдзетным маці ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жынчын: Алесі Скіба, якая гадуе 8 дзяцей; лаўрэату конкурсу “Жанчына года-2016” у намінацыі “Жанчына ў навуцы” Ірыне Дарафейчык, маладой шматдзетнай маці-актывістцы жаночага руху Вользе Варган.
Эстафету віншаваняў перанялі намеснік старшыні пярвічнай арганізацыі ГА “БСЖ” Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская, старшыня Наваельнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец, старшыня пярвічкі ГА “БСЖ” Наваельнянскага сельвыканкама Таццяна Умоўская.
Сустрэчу прадоўжыла экскурсія ў школьны музей “Дзеці ліхалецця” (кіраўнік Тамара Крывеня).
Заключную частку сустрэчы прысвяцілі абмеркаванню дзейнасці жансавета, планам надалей. Алена Жадзейка зазначыла, што раённая жаночая арганізацыя становіцца больш актыўнай з кожным годам і папаўняе скарбонку сваіх дасягненняў. Старшыня назвала імёны жанчын, якімі ганарыцца жансавет. Так, Таццяна Сянчурына гадуе трох сваіх і чацвёра прыёмных дзяцей. Дзякуючы былой старшыні Ганне Мікшут пярвічка ГА “БСЖ” Дварэцкага сельвыканкама прызнана лепшай у рэспубліцы па выніках 2016 года.
Дзятлаўская раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын таксама сярод лепшых: летась заняла другое месца ў вобласці. Нядаўна мабільная агітацыйная група Вензавецкага сада-школы правяла прафілактычную акцыю супраць наркотыкаў у працоўных калектывах раёна. Дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык і метадыст Ірына Лагун прымалі ўдзел у конкурсе “Жаночая ініцыятыва – на дабрабыт краіны”, прэзентавалі вопыт работы хобі-цэнтра “Вектар”. Таксама ў ліку добрых справаў жансавета — актыўны ўдзел у раённых акцыях “Збяром дзяцей у школу”, “Залаты ўзрост”, іншых дабрачынных мерапрыемствах. У бліжэйшых планах раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын – дапамагаць музею Дзятлаўскай гімназіі папаўняць тэматычную экспазіцыю “Жанчына, маці, працаўніца” і сабраць матэрыялы аб 59 жыхарках Дзятлаўшчыны, узнагароджаных ордэнам Маці.
І. КАЎКЕЛЬ