На Дзятлаўшчыне стартуе новы праект, які ў будучым абяцае стаць брэндавым святам нашага раёна. 21 кастрычніка 2017 года ў 11 гадзін на плошчы 17 Верасня пачнецца фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі для жыхароў і гасцей раёна шмат цікавых конкурсаў, гульняў, прыемных сюрпрызаў. Больш падрабязна пра гэта карэспандэнтцы газеты «Перамога» расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка.
— Фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст» скіраваны на павышэнне прэстыжу сям’і, фарміраванне ў жыхароў нашага раёна культуры сямейнага адпачынку і сямейных каштоўнасцяў. Гэта мерапрыемства праводзіцца на Дзятлаўшчыне ўпершыню, але спадзяюся, стане брэндавым для нашага раёна.
— Наталля Яўгенаўна, а чаму менавіта фестываль сямейнага адпачынку?
— Кожны рэгіён імкнецца займець свае брэндавыя мерапрыемствы, напрыклад, «Іўеўскі памідор» — у Іўі, «Ганненскі кірмаш» — у Зэльве, «Меч Лідскага замка» — у Лідзе і іншыя. На Дзятлаўшчыне таксама другі год запар рэалізоўваецца праект «Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім», у рамках якога праходзілі святы яблыкаў, мёду, касцоў, малака, бульбы. Сёлета праект атрымаў новае развіццё. Ладзіліся святы кукурузы, пеўня, вышыванкі, ваенна-патрыятычнае свята ў аграгарадку Гезгалы, «Гарбузовы рай» у Казлоўшчыне. На канцэртныя пляцоўкі святаў мы запрашалі прафесійныя калектывы, такія як «Белыя росы», артыстаў Гродзенскай абласной філармоніі, іншых.
Гэты праект цікавы, наш вопыт неаднойчы адлюстроўвалі не толькі раённая, але і рэспубліканскія газеты, радыё, тэлебачанне. І з гэтага праекта вырасла новая ідэя: арганізаваць для горада Дзятлава і раёна свята, якое было б цікавае і дарослым, і дзецям, дазволіла б любой сям’і выдатна правесці вольны час, атрымаць зарад бадзёрасці, стаць бліжэй адзін аднаму, адчуць цяпло сямейных адносінаў.
— А чаму такая назва — «Зецельскі фэст»?
— Зецельскі, таму што гэта наша гісторыя, старажытная назва нашага горада. Фэст – гэта свята. Нашы продкі хадзілі на фэст да праваслаўных і каталіцкіх храмаў. Цяпер мы выкарыстоўваем гэту традыцыю ў новай інтэрпрэтацыі.
— Што чакае дзятлаўчан і гасцей горада на свяце?
— У час фестывалю будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, дзе дарослыя і дзеці сем’ямі змогуць пабыць не толькі гледачамі, але і актыўнымі удзельнікамі. Прычым, кожная сям’я на гэтых пляцоўках будзе мець магчымасць зарабіць бонусы.
Напрыклад, на адной з пляцовак будзе ладзіцца выстава дамашніх гадаванцаў, дзе за поспех сем’ям будуць налічвацца бонусы.
У парку будзе працаваць зона адпачынку. Жадаючыя змогуць тут прайсці паласу турэкстрыму, пакаштаваць юшкі, пакатацца на каруселі, на танцпляцоўцы – паслухаць даўнейшыя хіты.
Дзяцей будуць радаваць роставыя лялькі, маленькім удзельнікам свята таксама можна будзе пакатацца на чыгунцы.
Акрамя таго, будуць працаваць гандлёвыя кропкі, свае вырабы прадставяць майстры і рамеснікі з Гродна, Шчучына, Навагрудка, мясцовыя майстры.
Будзе шмат музыкі, дзіцячых і моладзевых праграм. У 18 гадзін у Цэнтры культуры пройдзе канцэт расійскай групы «Фрыстайл». Дарэчы, білетаў засталося няшмат, хто жадае трапіць на выступленне, не губляйце час – набывайце білеты.
— А для чаго неабходны бонусы, пра якія вы расказвалі?
— Тры сям’і, якія ўмеюць актыўна адпачываць і назбіраюць найбольшую колькасць бонусаў, атрымаюць падарункі – бясплатныя запрашэнні для ўсёй сям’і на канцэрт групы «Фрыстайл». Спонсарамі фестывалю выступаюць санаторыі «Радон» і «Альфа Радон». У якасці падарункаў яны прадаставяць сертыфікаты на бясплатнае атрыманне сваіх паслугаў. Мы загадзя ім за гэта ўдзячны.
Вядома ж, у час фестывалю сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст» будзе працаваць гандаль.
Спадзяюся, што асенняе надвор’е не стане перашкодай для наведвання свята. Цяплей апранайцеся, захапіце дажджавікі, парасоны на выпадак дажджу, а мы абяцаем вам добры настрой.
Будзем разам!
І. КАЎКЕЛЬ