Перад грамадствам стаіць задача выхавання маральна сталай, духоўна развітай асобы, здольнай усведамляць сваю адказнасць за лёс краіны. З верасня 2016 года ў гімназіі №1 горада Дзятлава рэалізуецца інавацыйны праект «Асваенне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнцыі навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны».
Мэта праекта — стварэнне адукацыйнага асяроддзя, дзе будзуць развівацца даследчая здольнасці навучэнцаў. Такую ж мэту мае яшчэ адзін праект — «Інтэлектуальны марафон», — распрацаваны інавацыйнай групай. У рамках яго рэалізацыі ў гімназіі з 16 па 21 кастрычніка прайшоў Тыдзень гісторыі і краязнаўства. Як зазначыла арганізатар мерапрыемства, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства А. Радомская, Тыдзень быў скіраваны на фарміраванне грамадзянскасці вучняў праз матывацыю да паглыбленага вывучэння гісторыі роднага краю.
На працягу тыдня для 5-6 класаў ладзіліся экскурсіі ў гімназічны музей «Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны», Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Сямікласнікі ўдзельнічалі ў конкурсе «Лепшая электронная крыжаванка па гісторыі». Інтэлектуальныя віктарыны «Зорны час», «Свая гульня» праводзіліся для навучэнцаў 8-9 класаў. Старшакласнікі паглядзелі кінастужку «Паланэз Агінскага».
Фінальным мерапрыемствам тыдня стаў Дзень гісторыка і краязнаўцы, у якім, акрамя гімназістаў, прымалі ўдзел 67 прадстаўнікоў школ раёна.
У якасці ганаровых гасцей на сустрэчу былі запрошаны намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. Лакіза, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Д. Кузьма, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея А. Абрамчык, краязнаўцы Ф. Красюк, М. Лук’янчык.
В. Лакіза расказаў аб дасягненнях і задачах гістарычнай і археалагічнай навук Беларусі на сучасным этапе, адказаў на пытанні вучняў.
Работа прадоўжылася ў секцыях. Самым юным удзельнікам свята была прапанавана экскурсія ў гімназічны музей, якую правялі члены бюро «Юныя экскурсаводы». Для знаёмства з «Гісторыяй незвычайнага экспаната» ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей накіраваліся сямікласнікі. Секцыя «Нашы славутыя землякі» сабрала тых, хто цікавіцца людзьмі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё свайго краю. Работу секцыі пачаў Ф. Красюк, затым эстафету падхапілі навучэнцы школ раёна.
Аматары гісторыі роднага краю сабраліся на секцыі «Невядомыя старонкі гісторыі Дзятлаўшчыны». Яе курыраваў гісторык-краязнаўца М. Лук’янчык. Увазе прысутных былі прадстаўлены даследчыя работы навучэнцаў. Работа секцыі «Святыні малой Радзімы» была скіравана на знаёмства з аднайменным інтэрнэт-праектам па вывучэнні праваслаўных і каталіцкіх храмаў Дзятлаўшчыны. Тут былі прадстаўлены лепшыя работы ўдзельнікаў праекта. На секцыі «Наш горад» шасцікласнікам прапанавалі гульню «Ці ведаеш ты свой горад?». Яе правёў Д. Кузьма.
Завяршыла сустрэчу канцэртная праграма, пасля якой самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі дыпломы і памятныя сувеніры. Адміністрацыя гімназіі дзякуе гасцям і школам за ўдзел у сустрэчы.
Н. КЛІМЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №1 г. Дзятлава