Дыялог думак: шчодрая восень жыцця. Ганна Жадзейка

Падзеі

Восень, калі падумаць, — самая шчодрая пара года. Пахне восень свежымі яблыкамі, радуе золатам дрэваў, глядзіць стракатымі вочкамі астраў, свеціць рыжымі зорачкамі аксамітак, вабіць грыбным лесам. Можна сказаць, што такая ж шчодрая для людзей і восень жыцця. Чалавек залатога ўзросту — мудры і вопытны чалавек, які дакладна ведае, што яму падабаецца, да чаго ён імкнецца. Нездарма кажуць, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.

Як жывуць людзі залатога ўзросту, у чым яны знаходзяць радасць для сябе, карэспандэнтка высвятляла ва ўдзельнікаў клуба «Нам гады не бяда» (кіраўнік Г. Э. Касцюк), які працуе ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

 

Ганна Іосіфаўна Жадзейка:

— Радасць мне прыносяць стасункі з людзьмі і кветкі. Кветак вырошчваю шмат. Сярод любімых — касачы і бягоніі. Імкнуся, каб хатнія клумбы радавалі з вясны да позняй восені. Разам з дачкой стараемся ўпрыгожыць падворак. Нядаўна яна змайстравала з цэменту і тканіны адмысловы гаршчок для кветак у форме чаравіка. Ёсць задумка разам з клубам «Нам гады не бяда» высадзіць кветкі і на адну з клумбаў каля Цэнтра сацабслугоўвання.

У клубе я нядаўна — з гэтага лета. Мне тут падабаецца.

Я шмат гадоў адпрацавала ў маспашыве, добра краю і шыю. Есць у клубе яшчэ некалькі жанчын, якія шыюць, займаюцца рукадзеллем. Ведаючы гэта, Галіна Эдвардаўна Касцюк прапанавала нам ажыццявіць праект — «Новае жыццё старых рэчаў».

Гутарыла І. Каўкель

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *