Дбайныя гаспадары для сядзіб. У Гродне праходзіць навуковая канферэнцыя па пытаннях музеефікацыі шляхецкіх сядзіб

Падзеі

Досведам па тэме “Музеефікацыя каралеўскіх, магнацкіх, шляхецкіх рэзідэнцый і сядзіб” падзяліліся навукоўцы з Беларусі, Польшчы, Літвы. Пытанне гэта актуальнае і для Гродзеншчыны.

На тэрыторыі Прынёмання знаходзяцца 26 сядзібаў і сядзібна-паркавых комплексаў, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень чатыры з іх выкарыстоўваюцца як музеі. Гэта былы дом Баграціёна ў Ваўкавыску, былая сядзіба Міцкевічаў у Навагрудку, музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна і ансамбль былога палаца Агінскіх у вёсцы Залессе Смаргонскага раёна.

Некаторыя сядзібы апошнім часам былі адрэстаўраваны і атрымалі другое жыццё: там размясціліся аб’екты сацыяльнага прызначэння. Да прыкладу, у сядзібным доме Путкамераў у вёсцы Больценікі Воранаўскага раёна прапісаліся бібліятэка і культурны цэнтр. Былая сядзіба Пуслоўскіх у вёсцы Гутка Слонімскага раёна выкарыстоўваецца як дзіцячы аздараўленчы лагер. Прывабным стаў пасля правядзення рамонтных і рэстаўрацыйных работ былы палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне, куды сёння штодзень з вялікім задавальненнем ходзяць маленькія жыхары горада на самыя розныя заняткі па інтарэсах.

Паступова праводзяцца работы па захаванню і рэстаўрацыі іншых аб’ектаў. Да прыкладу, вялікія планы ёсць па выкарыстанні палацава-паркавага комплексу “Свяцк”, які сёння належыць ААТ “Санаторый “Азёрны”. З кастрычніка мінулага года там праводзяцца работы па рэканструкцыі з частковай рэстаўрацыяй і прыстасаваннем будынкаў палацава-паркавага комплексу пад шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс «Свяцк». На левым флігелі ўжо ўмацаваны падмуркі, перакрыцці, выканана прылада маналітных лесвіц, амаль скончана рэканструкцыя даху з кладкай чарапіцы. Ідуць ўмацаванне аконных праёмаў і падрыхтоўчыя работы па вырабу аконных блокаў. У галерэі левага флігеля ўмацаваны падмуркі, зроблены новыя перакрыцці над склепам, умацавана перакрыцце над галерэяй. Выконваюцца работы па рамонце фасада і даху. У правым флігелі праведзены ўмацаванне перакрыццяў, рэканструкцыя даху.

На ўзгадненні ў Міністэрстве культуры знаходзіцца праект рэканструкцыі з частковай рэстаўрацыяй будынкаў сядзібна-паркавага комплексу ў аграгарадку Падароск Ваўкавыскага раёна. Гэты комплекс знаходзіцца ў асабістай маёмасці, уласнікам былі праведзены супрацьаварыйныя работы, у наступным годзе павінен быць распрацаваны праект рэстаўрацыі самога сядзібнага дома.

Музей вытворчасці паперы можа з’явіцца ў Слоніме ў былой сядзібе Пуслоўскіх “Альбярцін”.

Гэта прадугледжвае праект трансгранічнага супрацоўніцтва “Польша – Беларусь – Украіна”  на 2014 – 2020 гады “Захаванне гістарычнай спадчыны праз стварэнне мемарыяльнага комплексу ў Кацельніку і музея вытворчасці паперы ў Слоніме”, у якім удзельнічае Слонімскі райвыканкам.

Таксама ў бліжэйшы час павінен быць вызначаны лёс яшчэ  шэрага палацаў і сядзіб. Сярод іх сядзібна-паркавы комплекс “Панямунь”, палац Радзівілаў у Дзятлаве, палац Храптовічаў у вёсцы Шчорсы Навагрудскага раёна, фрагменты былой сядзібы ў вёсцы Вердамічы і сядзіба ў Поразава, што на Свіслаччыне, і іншыя.

Як зазначылі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі. Задача – захаваць тое, што мы маем сёння, і зрабіць палацы і сядзібы прывабнымі для наведвальнікаў.

Гродзенская праўда

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *