На 6 кастрычніка бульба ў сельгаспрадпрыемствах раёна выкапана з 205 гектараў ад 384 пасаджаных, што склала 53 працэнты. Накапана 5848 тон пры сярэдняй ураджайнасці 286 цэнтнераў з гектара.
Пасля дажджу бульбяны палетак за аграгарадком Хвінявічы добра-такі набрыняў вільгаццю, і вецер кастрычніцкай восені амаль не падсушваў яго. Забуксаваў трактар, выцягваючы ўгару гружаны клубнямі прычэп, з невялікай лагчынкі не змог выбрацца самаходам грузавік ЗіЛ. А пасля таго як пакрапаў паўдзённы дождж, спыніўся і бульбаўборачны камбайн. Мабільны сігнал “SOS” ад механізатара камбайна Георгія Шэўкі прыняла брыгадзір паляводчага ўчастка Алена Шыпіла, і пасля кароткага абмеркавання сітуацыі было прынята рашэнне накіраваць камбайн на другі бульбяны палетак перад Разважжам – там лягчэйшая глеба і раўнейшы рэльеф.
За Хвінявічамі прадоўжылі падбор клубняў пасля бульбакапалак. Працавалі тут памочнікі з Вензавецкай, Лявонавіцкай, Казлоўшчынскай, Хвінявіцкай школаў, работнікі Дзятлаўскага дзіцячага сада №1, ЦРБ, сельгастэхнікі, брыгада дзятлаўчан, арганізаваная “біржай”. Таварныя клубні сорту “янка” фасавалі ў сеткі для цяперашняй рэалізацыі, рэшта ўраджаю была прызначана для закладкі на насенныя мэты і для адгрузкі на крухмальны завод.
Ураджай вырас харошы, да 340 цэнтнераў на гектары бывае, паведаміла брыгадзір Алена Шыпіла. А сярэдняя ўраджайнасць па КСУП “Хвінявічы” з пачатку ўборкі – 296 цэнтнераў.
– Хто ў вас самыя-самыя работнікі? – цікаўлюся ў брыгадзіра.
– Усе добра працуюць, а вось механізатара бульбакапалкі асабліва адзначце, – папрасіла Алена Іванаўна. – Рыгор Уладзіміравіч Палюн штодзень з намі, з шасці гадзін.
На 6 кастрычніка ў КСУП “Хвінявічы” выкапалі 47 гектараў бульбы са 100 пасаджаных.
Б. Варна