«Жыць здорава». Абласны марафон

Падзеі

Штогод 10 верасня праводзіцца Сусветны дзень прадухілення самагубстваў. Яго мэта — скіраваць увагу грамадскасці на праблемы суіцыдаў.

Спробы самагубстваў сярод моладзі звязаны, у першую чаргу, з адсутнасцю духоўных арыенціраў. Адважваюцца на такі крок, як правіла, ранімыя падлеткі з-за адчування адзіноты, уласнай непатрэбнасці, стрэсаў, страты сэнсу жыцця.

Своечасовая псіхалагічная падтрымка, мудрыя парады ў цяжкай жыццёвай сітуацыі дапамагаюць пазбегнуць трагедыі. Калі ж маладыя людзі не атрымліваюць спачування і падтрымкі, яны трапляюць у тупік, з якога не бачаць выхаду.

Абласны моладзевы марафон ГА «БРСМ» «Жыць здорава», які стартаваў 10 верасня і прадоўжыцца да 10 кастрычніка 2017 года, скіраваны на фарміраванне ў маладых людзей разумення каштоўнасці жыцця. У час марафону ў рэгіянальных і пярвічных арганізацыях ГА «БРСМ» Гродзеншчыны будуць праходзіць трэнінгі, дыскусіі, сустрэчы падлеткаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку або трапілі ў складаную жыцёвую сітуацыю, з прадстаўнікамі духавенства, культуры, мастацтва, псіхолагамі, медыкамі, праваахоўнікамі, грамадскімі дзеячамі. Для бацькоў падлеткаў таксама будуць арганізаваны сустрэчы, у час якіх дарослым раскажуць пра ўзроставыя асаблівасці іх дзяцей, памылкі ў выхаванні, формы бацькоўскай падтрымкі і дапамогі дзецям у складаным узросце.

Абласны марафон ГА «БРСМ» «Жыць здорава» закліканы прапанаваць моладзі альтэрнатыўныя віды баўлення вольнага часу — заняткі ў гуртках, секцыях, аб’яднаннях па інтарэсах, наведванне клубаў, мерапрыемстваў, якія праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, удзел у валанцёрскай дзейнасці.

На Дзятлаўшчыне ў рамках абласнога марафона адбудзецца раённы турнір па міні-футболе. На футбольнай пляцоўцы сустрэнуцца падлеткі і праваахоўнікі.

К. ХІЛІМОНЧЫК,
першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *