Да 100-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля
У многіх гарадах, мястэчках і вёсках праходзяць культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Пімена Панчанкі і народнага пісьменніка Янкі Брыля.
Яшчэ са школы я палюбіў гэтых выдатных майстроў нацыянальнага прыгожага пісьменства. Асабліва мне спадабаўся такі ўнікальны брылёўскі жанр – абразок. Яго мініяцюры, як праменьчыкі, здаецца, сфакусіраваны на звычайных фактах, якія пісьменнік не проста ўзнаўляе, а перадае свае ўражанні ад іх. Мініяцюры былі своеасаблівай кнігай яго жыцця, лірычнай споведдзю пра сябе і свет, пра блізкіх людзей, сяброў. А назва яго кнігі “Жменя сонечных промняў” назаўсёды пасялілася ў маім сэрцы. Вось і я вырашыў напісаць абразок-удзячнасць чытача любімым творцам.
Янка і Пімен нарадзіліся ў жніўні 1917 года па-за межамі сінявокай Беларусі. Аднак лёс склаўся так, што абодва як прарокі нацыі ўсё жыццё верна служылі сваёй таленавітай творчасцю Бацькаўшчыне. Брыль нарадзіўся ва Украіне, у Адэсе, Панчанка – у Эстоніі, у Таліне.
Яшчэ ў 1922 годзе Брыль вярнуўся на бацькоўскую радзіму, у вёску Загор’е Карэліцкага раёна. Уся яго творчасць прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да Загор’я.
У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў пад Гдыняй у нямецкі палон, у 1941-м уцёк, вярнуўся ў Беларусь. У 1942 годзе ён стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння. Рэдагаваў газету “Сцяг свабоды” Мірскага райкама і сатырычны лісток “Партызанскае жыгала”. Пасля вызвалення працаваў рэдактарам раённай газеты ў мястэчку Мір, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Затым ён цалкам паглыбіўся ў мастацкі летапіс любага душы Прынямоння. Аповесць “Ніжнія Байдуны” ўспрымаецца намі як своеасаблівая паэтычная песня пра блізкіх аўтару людзей, яго землякоў.
Лічу, што дастаткова згадаць толькі назвы яго кніг, каб пераканацца, што перад намі надзвычай таленавіты аўтар: “Жменя сонечных промняў”, “Акраец хлеба”, “Сёння і памяць”, “Пішу як жыву”, “Сцежкі, дарогі, прастор”, “Парастак”, “Птушкі і гнёзды”. Ён непараўзыдзены стыліст беларускага слова, арыгінальны майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добры знаўца народнай мовы Прынямоння. Раман “Птушкі і гнёзды” — адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка – стаў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў “кнігай адной маладосці”.
Над канапай, у рабочым пакойчыку Брыля віселі партрэты бацькоў, брата і любімых пісьменнікаў — Льва Талстога і Янкі Купалы. Звычайна ён вылучаў сярод класікаў Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага. А калі памёр сябра Уладзімір Караткевіч, гэта стала такім ударам для Брыля, што за лета 1984 года ён перачытаў усё, што напісаў “рыцар беларускіх замкаў”.
Дарэчы, Брыль штодзённа чытаў, прачытваючы больш за сотню старонак. У яго была вялікая бібліятэка, але многія кнігі ён раздарыў, і ў выніку засталося некалькі кніжных шафаў у Мінску і на дачы ў Крынічным. Брыль казаў, што кніга не павінна стаяць без справы. Лепш аддаць яе таму, хто будзе чытаць. І ўзгадваў словы Льва Талстога: “Мне не цікавы пісьменнік, які напісаў больш, чым прачытаў”.
Дзіцячыя і раннія юнацкія гады Пімена Панчанкі прайшлі ў Бягомлі Докшыцкага раёна. У 1933 годзе сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, дзе Пімен скончыў настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння працаваў у пачатковай, сямігадовай, сярэдняй школах у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934-1939). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута.
Паэтычную сталасць яму прынеслі вершы, напісаныя ў час вайны. Адным з лепшых твораў таго часу не толькі ў беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш “Сінія касачы”. Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго яго творчага лёсу. У розныя гады ён напісаў шмат моцных па сіле эмацыянальнага ўздзеяння вершаў (“Апельсіны”, “Кавуны”, “Камсамолец з Расоншчыны”, “Іх вечныя агні”, “Горкая гордасць”).
Назаву толькі яго некаторыя кнігі: “Трывожныя зарніцы” (быў падрыхтаваны да друку і згарэў у час вайны), “Тебе, Беларусь!” (апублікаваны ў Маскве ў перакладзе на русскую мову, 1942), “Кніга вандраванняў і любові”, “Млечны Шлях”, “Маўклівая малітва”, “Дзе начуе жаўранак”, “І вера, і вернасць, і вечнасць”, “Горкі жолуд”, “Высокі бераг”, “Зямля ў мяне адна” і інш. У сваіх вершах Пімен Емяльянавіч паўстае шчырым патрыётам Беларусі, нястомным змагаром за захаванне прыроды-матухны, за культываванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, змагаецца за дабрыню і неабыякавасць. У яго вершах спалучаецца лірызм з публіцыстычным напалам. Творы былі выразнікамі дум і спадзяванняў складанага ХХ стагоддзя.
Шчыры, праўдзівы, самаахвярны ў жыцці і творчасці, народны паэт шчодра рассыпаў зерне родных словаў па літаратурнай ніве, каб мы, нашчадкі, мелі багаты ўраджай.
Дзякуй Вам, Іван ды Пімен, сапраўдныя сыны Бацькаўшчыны. Жменя вашых сонечных промняў і звон каласоў – назаўсёды ў сэрцах удзячных нашчадкаў. Вашы творы глыбока нацыянальныя, бо іх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў.
К. Карнялюк