Свята кукурузы ў Круцілавічах

Падзеі

23 верасня ў аграгарадку Круцілавічы праходзіла Свята кукурузы ў рамках раённага сельскагаспадарчага праекта “Дбайных гаспадароў славім, весела час бавім”. Мэта названага праекта – папулярызацыя сельскагаспадарчай працы, сельскіх прафесій, вясковага побыту, арганізацыя культурнага адпачынку жыхароў аграгарадкоў  і вёсак.

Аграгарадок Круцілавічы прэтэндуе на ролю “кукурузнай сталіцы” раёна. Мясцовае ААТ “Граніт-Агра” мае пад кукурузай самы вялікі палетак у раёне – тысячу гектараў. І расце тут кукуруза пад клапатлівым наглядам агранома Антона Тарасевіча сапраўднай каралевай палёў – вышынёю да трох метраў.

Распачалося свята  прывітальнымі словамі, з якімі звярнуліся да прысутных старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Людміла Мядзведзь.

У час урачыстасці была ўганаравана сям’я Падліпскіх, якая паспяхова выступіла на абласных моладзевых спаборніцтвах “Уладар сяла”.  Андрэй і Іна Падліпскія разам з дзецьмі Уладам і Міланай  атрымалі ад ААТ “Граніт-Агра” і РК ГА “БРСМ” каштоўныя падарункі. Іх уручылі намеснік дырэктара ААТ “Граніт-Агра” Людміла Мядзведзь і першы сакратар райкама ГА БРСМ Кацярына Хілімончык.

Стала традыцыяй праводзіць на свяце “Сельскія вясёлыя эстафеты”. Апошнім часам у спартыўных спаборніцтвах удзельнічаюць не толькі сельгаспрадпрыемствы. На сельскую эстафету ў Круцілавічы прыбылі прадстаўнікі КСУП “Белагурна”,  “Дварэц-Агра”, ААТ “Граніт-Агра”, Круцілавіцкай школы. Для іх арганізатары падрыхтавалі спартыўныя і жартоўныя конкурсы. Большасць з іх была “кукурузнай” тэматыкі: трэба было як мага хутчэй ачысціць 20 пачаткаў кукурузы; “папрацаваць”, як кукурузаўборачны камбайн; у стозе саломы адшукаць 8 кукурузных пачаткаў. Не меншага спрыту патрабавалі такія конкурсы, як “вусень”, “вясёлыя лыжнікі”, “вясёлыя штонікі”.

Найбольш паспяхова справілася з заданнямі мясцовая каманда ААТ “Граніт-Агра”. Ёй журы прысудзіла першае месца. Пераможны склад каманды – Сяргей Смурага (капітан), Віталь Бакей, Алена Бабко, Людміла Хоміч, Аляксандр Сёмуха. Другое месца – за прадстаўнікамі Круцілавіцкай школы, трэцяе месца заняла каманда “Дварэц-Агра”. Пераможцы і ўсе ўдзельнікі адзначаны дыпломамі і падарункамі.

Канцэртную праграму для жыхароў аграгарадка Круцілавічы і гасцей свята падрыхтавалі самадзейныя артысты Дзятлаўшчыны.

Дзеці выступілі з танцавальнай кампазіцыяй, з прыпеўкамі – гурт Данілавіцкага дома культуры “Суседачкі”. Надалей песенныя і танцавальныя нумары прапанавалі Наталля Бузук, Сяргей Малышчык, Вікторыя Батвін, Ала Чарняўская, Улад Ракуць, група “Бархат”, Таццяна Шостка,  ансамбль цыганскай песні “Бахталачы”.

Вельмі спадабалася гледачам казка на новы лад “Курачка Раба”, якую паказалі маладыя працаўнікі ААТ “Граніт-Агра”. Галоўныя ролі ў інсцэніроўцы выконвалі Віталь Бакей і Кацярына Дубешка.

Цікавым атрымаўся паказ убораў, вырабленых з дапаможных матэрыялаў: восеньскага лісця, паперы, газет, поліэтыленавых пакетаў, абгортак. Усе мадэлі – 14 дзяцей – з Круцілавіцкага садка і школы. Журы вырашыла нікога не абыходзіць увагай: салодкія прызы за ўдзел атрымалі ўсе юныя мадэлі.              .

Спадабалася прысутным, асабліва дзятве, выступленне Беларускага гульнёвага тэатра роставых лялек “Dolls4all” пад кіраўніцтвам Івана Каско. Малеча была ў захапленні ад вялікіх лялек – герояў мультфільма “Шчанюковы патруль”.

Потым арганізатары мерапрымства запрасілі моладзь на вячэрнюю святочную дыскатэку “На эстраднай хвалі”.

 

І. Міхайлоўская

Фота Б. Варны



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *