21 верасня прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Яго тэмы: «Дзяржаўная інфармацыйная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь: механізм рэалізацыі», «Аб стане і прычынах вытворчага траўматызму, захаванні заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях Гродзенскай вобласці ў першым паўгоддзі 2017 года», «Карупцыя ў Рэспубліцы Беларусь».
Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёю Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандрам Дубовікам наведала Дзятлаўскі сырзавод. З тэматычнымі дакладамі перад прысутнымі выступілі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, начальнік аддзела ўнутраных справаў райвыканкама Аляксандр Біль.
Дакладчыкі, у прыватнасці, адзначылі, што ў апошнія гады вялікую ролю ў інфармацыйнай прасторы набыў Інтэрнэт. Традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі становяцца мультымедыйнымі і шматканальнымі. Паколькі роля СМІ ў сацыяльных працэсах расце, узнікла неабходнасць у правядзенні сістэмнай дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, галоўным механізмам якой выступае прававое рэгуляванне дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі.
Цяпер закон надзяляе інтэрнэт-рэсурсы правамі і абавязкамі традыцыйных СМІ. Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у нашай краіне расце: іх каля 5,5 мільёна. Таму інтэрнэт-прастора і сацыяльныя сеткі павінны прытрымлівацца законаў маральнасці і духоўнасці. Дзеля гэтай самай маральнасці, абароны правоў грамадзян на праўдзівую інфармацыю дзяржава мае права прымяняць нормы і сілу закона. Для інфармацыі, якая дэструктыўна ўздзейнічае на людзей, павінны ставіцца надзейныя бар’еры.
Актуальным застаецца пытанне гібелі і траўматызму на вытворчасці. У першым паўгоддзі 2017-га на Гродзеншчыне з-за парушэння тэхнікі бяспекі загінулі 5 чалавек, групавы няшчасны выпадак адбыўся ў ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат». Сёлета цяжкія траўмы на вытворчасці атрымалі 30 чалавек (у 2016 годзе — 35), у тым ліку без віны наймальніка траўмаваны 14 чалавек (46,7%). Дапушчаны рост цяжка траўмаваных на прадпрыемствах Лідскага, Слонімскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага, Дзятлаўскага раёнаў. Па-ранейшаму здараюцца выпадкі знаходжання людзей на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Каб знізіць вытворчы траўматызм, больш увагі, між іншымі мерамі, належыць надаваць пытанням прафілактыкі траўматызму і захавання дысцыпліны.
Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, звяртаючыся да работнікаў Дзятлаўскага сыраробнага завода, патлумачыў і актуальнасць уключэння ў парадак Адзінага дня інфармавання насельніцтва і пытання барацьбы з карупцыяй: у Гродзенскай вобласці ўжо ўзбуджаны 63 антыкарупцыйныя крымінальныя справы.
І. Каўкель
Фота аўтара