Соргавы “лес” Антона Тарасевіча

Падзеі

На палетках ААТ “Граніт-Агра” знайшлі прапіску соргавыя гібрыды

Сёлета – на пробу – галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Антон Тарасевіч высеяў два соргавыя гібрыды. Насенне гібрыда “фрэя” для засеву аднаго пробнага гектара падарыла фірма “KWS”.

Свой прадукт фірма рэкламуе як добрую альтэрнатыву кукурузе ў засушлівых рэгіёнах. Пры захаванні нормы высеву (30-35 раслін на квадратны метр) гібрыд добра кусціцца (каэфіцыент 4-6), таму для сяўбы пажадана карыстацца сеялкамі дакладнага высеву. Чым адметны менавіта “KWS фрэя”? Высокім ураджаем зялёнай масы на лёгкай глебе нават пры нястачы вільгаці. Як позняя яравая культура лепш выяўляе свой патэнцыял пры позніх тэрмінах сяўбы (сярэдзіна мая – чэрвень). Пры сяўбе ў гэты тэрмін у прагрэтую глебу гібрыд фарміруе большы ўраджай зялёнай масы, чым кукуруза, пасеяная ў той жа тэрмін. Гібрыд характарызуецца раннім развіццём, не палягае, забяспечвае высокі ўзровень збору сухой масы. Тып спеласці – сярэдняранні, прыдатны для сяўбы як асноўнай, так і прамежкавай культурай. Асноўнае патрабаванне да глебы – цёплая.

Агратэхніка “фрэі” ў “Граніт-Агра” сталася наступная. Папярэднік на полі – азімае трыцікале. Пасля абмалоту трыцікале быў унесены гліфасат, затым – арганіка пад зяблівае ворыва. Вясною праведзена культывацыя і 20 мая “фрэя” былы пасеяна. Сеялі бураковай сеялкай з міжраддзем у 45 сантыметраў. Потым была праполка гербіцыдам і падкормка карбамідам (100 кілаграмаў на гектар).

Летам “фрэя” цешыла вока бурным ростам. Радкі выраўненыя па вышыні, расліны – адна ў адну, без аніводнага выпадку палегліцы. Замер вышыні, зроблены 23 жніўня, паказаў 3 метры 30 сантымераў.

14 верасня прыспеў час “Х” – “фрэю” скасілі на сілас. Да гэтага дня гібрыд яшчэ падрос і дасягнуў у вышыню 3 метраў 70 сантыметраў. Як касілі, за травяным сорга-суданкавым лесам не бачна было кормаўборачнага камбайна Віктара Гукіша. Зрабілі замер падчас касавіцы: стандартны кузаў “МАЗа” Уладзіміра Сёмухі напоўніўся здробненаю зялёнаю масаю за 3 хвіліны 6 секунд.Роўненькая сцяна соргавага гібрыда «KWS фрэя».

Аграном Антон Тарасевіч на фоне сорга «фрэя».

Кормаўборачнага «Ягуара» Втктара Гукіша не відаць за соргавым «лесам».

Галоўны корманарыхтоўшчык «Граніт-Агра» механізатар Віктар Гукіш. На адвозцы зялёнай масы рупіцца вадзіцель «МАЗа» Уладзімр Сёмуха. Зрабілі замер: кузаў «МАЗа» напоўніўся з вяршком зялёнаю масаю за 3 хвіліны 6 секунд. Галоўны заатэхнік «Граніт-Агра» Уладзімір Дворык таксама нераўнадушны да такога ўраджаю. Справа ад слупа — няхілая кукуруза, злева — сорга «фрэя».

Сорга-суданкавы гібрыд закладзены ў сіласную траншэю ў сумесі з кукурузаю, прапорцыя – 1 да 2. Вядома, зялёнай масы з аднаго гектара не хапіла б для закладкі 800-тоннай траншэі. Але ў сельгаспрадпрыемстве, акрамя “фрэі”, быў высеяны сёлета яшчэ адзін соргавы гібрыд – “славянскае поле-15” расійскай селекцыі. Высеяны ён быў на розных участках (усяго – больш за 30 гектараў), у тым ліку побач з “фрэяй” для параўнання ў аднолькавых умовах вырошчвання. Спаборніцтва з расійскім гібрыдам “фрэя” выйграла адназначна. Адкалібраванае насенне гібрыда ад KWS дало выраўненыя ўсходы, якія затым забяспечылі выраўнены сцебластой і, як вынік, большую ўраджайнасць. Сцябліны гібрыда “славянскае поле-15” выраслі рознай вышыні, рознай таўшчыні, не абышлося і без палегліцы.

Эфект пры скормліванні сіласнай сумесі кукурузы і сорга-суданкавых  гібрыдаў вызначыць заатэхнічная служба гаспадаркі. Але і сёння відавочна, што соргавыя гібрыды – перспектыўная для нашых умоваў культура. Што датычыць уласна “фрэі”, то ўвесь заяўлены фірмаю пазітыў гібрыд пацвердзіў: вырас на лёгкай супясчанай глебе, пры позняй сяўбе (у выпадку “Граніт-Агра” – 20 мая) нарасціў вялікую масу.

Б. Варна

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *