Школьны праект паспрыяў добраму ўраджаю

Падзеі

Жыхар вёскі Хвінявічы Вацлаў Браніслававіч Залеўскі — аграном са шматгадовым стажам, эксперыментатар. Ён прайшоў працоўны шлях ад агранома ў калгасе да намесніка старшыні райвыканкама па сельскай гаспадарцы і харчаванні, быў старшынёй Парэцкага сельскага савета, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але слова «адпачынак» цяжка суаднесці з актыўнай натурай Вацлава Браніслававіча, які шмат часу праводзіць на прысядзібным участку. За сезон ён стараецца атрымаць як мага большы ўраджай з найменшымі затратамі. У гэтым яму дапамагаюць прафесійныя веды, спецыяльная літаратура, жаданне эксперыментаваць і жонка, якая таксама шмат часу праводзіць на агародзе.

Сёлета вясна выдалася позняй, пачатак лета не парадаваў агароднікаў цяплом, і гэта стала праблемай. Звычайна на сваіх сотках Вацлаў Браніслававіч з жонкай паспяваюць вырасціць па два ўраджаі за сезон. Звыклыя для нашага рэгіёна культуры радуюць руплівых гаспадароў ўраджайнасцю. А тут начныя халады не абяцалі нічога добрага ні для агуркоў, ні для балгарскага перцу. Аднак на дапамогу прыйшоў школьны праект унучкі.

Кацярына Залеўская з’яўляецца навучэнкай сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, дзе некалькі гадоў запар пад кіраўніцтвам настаўніцы Ірыны Уладзіміраўны Дарафейчык вядзецца работа над праектам па выкарыстанні прыродных крыніцаў святла і цяпла. Школьнікі вынікова прымаюць удзел ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, займаюць прызавыя месцы. Пра свае дасягненні Каця, вядома ж, расказвае дзядулю, а заадно тлумачыць, якія прыстасаванні для атрымання сонечнай энергіі яны майструюць, дзе іх выкарыстоўваюць. Сонечныя калектары, напрыклад, можна выкарыстоўваць для абагрэву памяшканняў і цяпліцаў.

Баючыся застацца без ураджаю агуркоў, Вацлаў Браніслававіч вясной 2017 года таксама рашыўся на эксперымент з выкарыстаннем ідэяў, якія ляглі ў аснову школьнага праекта. Праўда, сонечны калектар ён не стаў майстраваць, а выкарыстаў для абагрэву градак звычайныя пластыкавыя бутэлькі з-пад напояў, напоўненыя вадой.

— На двары было холадна, і агуркі не хацелі расці, жаўцелі, — успамінае пачатак эксперымента Вацлаў Браніслававіч. — Я пацікавіўся ў інтэрнэце — прагнозы надвор’я былі несуцяшальныя. Тут жа ўзгадаў пра Каціну работу. Праўда, вучні для нагрэву вады выкарыстоўвалі пераважна бляшанкі з-пад розных напояў, а мы з жонкай 29 мая паклалі паміж радкоў з агуркамі пластыкавыя бутэлькі з вадой, накрылі градку спанбондам. І ведаеце, гэта спрацавала: днём тэмпература вады ў бутэльках пад спанбондам падымалася да 35 градусаў.

Я звычайна прачынаюся рана, а шостай гадзіне, абходжу градкі, назіраю, як растуць культуры, планую падкормкі і догляд. У ранішнія гадзіны тэрмометр на глебе пад спанбондам паказваў 16 градусаў цяпла. Гэта значыць, што цэлую ноч тут трымалася камфортная для агуркоў тэмпература. Так, 14 ліпеня мы сабралі з градкі першы ўраджай. На пакеціках з расадай я прачытаў, што максімальны тэрмін ад сяўбы да пладанашэння сорта — 53 дні, а мы пакаштавалі агуркі ўжо праз 46 дзён пры нізкіх вулічных тэмпературах. Можна ўпэўнена рабіць выснову, што мой эксперымент удаўся.

У выніковасці простых пластыкавых бутэлек з вадой для назапашвання цеплавой энергіі Вацлаў Браніслававіч пераканаўся яшчэ з дапамогай салодкіх перцаў.

— Першага чэрвеня мы высадзілі ў грунт расаду перцаў, — прадаўжае дзяліцца сваімі назіраннямі агароднік. — Але я захварэў, не змог працаваць на ўчастку. Калі выздаравеў, зразумеў, што перцы трэба ратаваць. 5 чэрвеня паставіў на градцы шэсць пяцілітровых пластыкавых бутэлек з вадой, накрыў спанбондам. Тэмпература вады ў бутэльках днём падымалася да 36 градусаў, і расада пачала расці. 13 ліпеня перцы зацвілі. Вынікі зноў аказаліся станоўчыя. Дарэчы, варта ведаць, што калі тэмпература за акном на працягу сутак апускаецца ніжэй за 16 градусаў, многія культуры пачынаюць ад гэтага пакутаваць, спыняюць рост.

Вацлаў Браніслававіч можа доўга і цікава расказваць пра вырошчванне розных культур, дзяліцца сваім вопытам у галіне агародніцтва. Ён адсочвае і запісвае вынікі сваіх эксперыментаў, назіранні. У віртуальным каталогу агародніка каля двухсот фотаздымкаў, якія ён збіраецца сістэматызаваць. Жыццёвы дэвіз Вацлава Браніслававіча Залеўскага: «Ведаць, жадаць, дзейнічаць». За ведамі дбайны гаспадар звяртаецца да спецыяльнай літаратуры, адшуквае цікавыя ідэі ў інтэрнэце, зразумець, наколькі яны слушныя, дапамагае шматгадовы працоўны вопыт. Маладым аграномам Вацлаў Залеўскі раіць, каб іх настольнай кнігай стаў даведнік П. Анспок «Мікраўдабрэнні».

Асаблівы гонар паспяховага агародніка — гэта паўторныя пасевы. Яны дапамагаюць сабраць дадатковы ўраджай, мець на стале свежую агародніну, паляпшаюць ураджайнасць глебы на ўчастку. Пасля ранняй бульбы, цыбулі, радысу, салаты, яны з жонкай сюць познія агуркі, кальрабі, дайкон, грэчку.

З грэчкай Вацлаў Браніслававіч «пасябраваў», калі на вочы трапіўся часопіс «Гаспадар» з артыкулам прафесара Т. Анохінай. Аказваецца, грэчка — выдатны папярэднік для палявых і агародных культураў, бо чысціць глебу ад шкоднікаў і хваробаў. Летась Вацлаў Браніслававіч пасеяў яе пасля ранняй бульбы 22 ліпеня. З аднаго з участкаў плошчай 252 метры квадратныя сабралі 33 кілаграмы грэчкі, а гэта амаль 11 цэнтнераў з гектара.

Астатнія пасевы выкарыстаў у якасці седэрата і скасіў. Увесну глеба на гэтых градках была надзвычай мяккая.
У скарбонцы Вацлава Браніслававіча яшчэ шмат цікавых гісторый і пра апрацоўку насення, і пра вырошчванне двух ураджаяў бульбы за сезон, і пра тое, як пасля бульбы атрымаць яшчэ звыш тоны гарбузоў.

У час гэтай сустрэчы з карэспандэнткай газеты паспяховы агароднік пажадаў падзякаваць настаўніцы першай школы, кіраўніку праекта па выкарыстанні прыродных крыніцаў святла і цяпла Ірыне Уладзіміраўне Дарафейчык за цікавую ідэю, якая прынесла практычную карысць. Вацлаў Браніслававіч жадае настаўніцы і яе вучнм далейшых поспехаў у рабоце над праектам.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *