Маленькі Версаль у Казлоўшчыне

Падзеі

“Ах, які водар быў, якая прыгажосць: самыя розныя кветкі, і на кожную пару года. Ва ўсім свеце не знайшлося б кніжкі з карцінкамі больш стракатымі, чым гэты кветнік”, – такія словы казачніка Андэрсэна адразу прыйшлі на памяць, калі я ўпершыню завітала на падворак да жыхаркі гарпасёлка Казлоўшчына Людмілы Іванаўны Мацюкевіч. Розніца паміж казкай і рэальнасцю ў адным: жанчына з казачнай гісторыі вырасціла цудоўны сад магіяй, а гераіня майго аповеду – вялікай любоўю да кветак.

Веснічкі звычайнага на першы погляд пасялковага дома, якія размясціўся на ўзбочыне вуліцы Леніна, – быццам мяжа паміж рэальным будзёным светам мітусні, заўсёдных клопатаў і светам прыгажосці, дзе час цячэ павольна, і ўжо не хочацца нікуды бегчы – толькі быць тут і сузіраць.

Людміла Іванаўна Мацюкевіч не нарадзілася ў Казлоўшчыне, але пераехала сюды разам з бацькамі у адзінаццацігадовым узросце, пайшла ў пяты клас мясцовай школы. Тут стварыла сваю сям’ю, і гарпасёлак стаў для жанчыны другой радзімай. Як і ўсё добрае, захапленне кветкамі прыйшло да Людмілы Іванаўны з дзяцінства. Кажа, колькі помніць сябе, у матулі быў вялікі прыгожы кветнік. Жанчына пагадзілася правесці экскурсію па сваім цудоўным садзе і расказаць аб сваім захапленні кветкаводствам.

— Калісьці тут быў французскі агарод, – паказвае гаспадыня на тэрыторыю, па сваёй сіметрыі сапраўды падобную да палёў Версаля. – Мужу не вельмі падабалася ідэя ператварыць прысядзібны ўчастак у кветнік, таму трэрыторыю ў агарода я адваёўвала паступова, пакрыху. А цяпер вось амаль уся тэрыторыя – у квецені. Ёсць і невялікі агарод на ўскрайку ўчастка, нам яго хапае. 

Захапленню Людмілы Іванаўны Мацюкевіч кветкамі – каля дваццаці гадоў. Калі пачынала – новыя веды брала з часопісаў па кведкаводстве, якіх выпісвала багата. А калі прыйшлі сучасныя тэхналогіі, навучылася адшукваць цікавую для сябе інфармацыю праз сетку Інтэрнэт. Выбраць тое, што трэба, і гарманічна аформіць свой прысядзібны ўчастак жанчыне дапамог і ўласны мастацкі густ – нездарма ж доўгі час працавала мастаком на мясцовай мэблевай фабрыцы.

Калі нехта з вас бываў у батанічным садзе ў сталіцы, можа ўявіць, як выглядае падворак умелай гаспадыні-кветкавода. У кожную пару года тут сваё хараство – адны віды раслінаў змяняюцца іншымі. Нават у канцы лета – пачатку восені маленькі Версаль здзіўляе сваёй разнастайнасцю. Людміла Іванаўна Мацюкевіч на сваім прысядзібным участку аддае перавагу шматгадовым дэкаратыўным раслінам, кустоўю і хвойнікам, вельмі любіць яркую квецень, але патрабавальная да таго, што культывуе на сваёй зямлі. Гаспадыня зазначае, што амаль усе расліны на яе ўчастку – сартавыя. Частку з іх яна выпісвае праз спецыяльныя каталогі, а некаторыя замаўляе ў знаёмых кветкаводаў з іншых гарадоў і нават краінаў, з якімі пазнаёмілася праз аб’яднанні па інтарэсах.

Сапраўднай каралевай падворка з’яўляецца велічная высокая піхта. “Мая піхтачка” – называе яе гаспадыня, бо пасадзіла маленькім парасткам дваццаць гадоў таму і ўвесь гэты час беражліва гадавала. Кожны сорт раслінаў Людміла Іванаўна ведае без усялякіх дапаможнікаў, праводзіць прэзентацыю свайго жывога музея як вопытны экскурсавод. Яно і не дзіўна: кожная раслінка пасаджана і выгадавана сваімі рукамі. Сто пяцьдзясят сартоў хостаў, больш за сто сартоў вяргіняў, сорак сартоў флоксаў, а шмат такіх раслінаў, назвы якіх я нават упершыню чую. Усё расце, духмяна пахне, дорыць радасць любому, хто завітаў да гаспадыні.

—  А лілеі вырошчваеце? – як дылетант у кветкавай справе, згадваю вядомы мне від раслінаў.

— Лілеі ўжо адцвілі, – тлумачыць гаспадыня. – Іх таксама было больш за сто відаў.

— Якія кветкі на падворку вашы любімыя?

— Ды я іх усе люблю, як дзетак, – кажа яна. – Калі захварэла, сяброўкі параілі паменш выходзіць у агарод, менш працаваць, больш адпачываць. Але як жа я магу здрадзіць кветкам? Яны просяць, патрабуюць увагі да сябе.

Каб кветкі раслі і радавалі вока, працаваць трэба вельмі многа: падрэзаць, прапалоць, падкарміць, перасадзіць, палячыць ад шкоднікаў. Ды праца гэтая жанчыне прыносіць задавальненне. Толькі адно яе засмучае: калі замаўляе маленькія парасткі праз перасылку, прадаўцы дасылаюць не заўсёды тое, што абяцалі. Гадуеш раслінку год, два, а замест чаканага выніку атрымліваецца не той сорт, або ўвогуле нешта незразумелае.

img_2334 img_2353

img_2359

img_2382

img_2394

img_2399

img_2401

img_2411

img_2426

Летам вольнага часу ў гаспадыні практычна няма. А для зімовай пары няўрымслівая шукальніца і стваральніца прыгажосці знайшла сабе іншае захапленне па душы, але ўсё адно звязанае з прысядзібным участкам. Людміла Іванаўна Мацюкевіч стварае сваімі рукамі цудоўныя паркавыя скульптуры – казачныя замкі, вельмі падобныя да сапраўдных баравікі, мухаморы і нават апенькі, прыветлівых звяркоў і нават статуэтку Будды. Апошнюю яна стварыла для тэматычнага “ўсходняга кутка”, дзе расце нівакі (своеасаблівы паркавы бансай, дэкаратыўную падрэзку якога робіць сама гаспадыня), гарлачыкі ў маленькіх рукатворных азёрах, адчуваецца дух традыцыйнай Японіі і Індыі. Усе скульптуры яна робіць з латкоў для курыных яек, дадаючы да іх будаўнічыя сумесі. Рэцэпт стварэння такога раствору знайшла ў Інтэрнэце, з дапамогай якога жанчына атрымлівае новыя веды па кветкаводстве, абменьваецца вопытам, праводзіць уласныя майстар-класы.

Як кажа сама гаспадыня, задумак яшчэ шмат, некаторыя яна ўжо сама пачала ажыццяўляць. Каб вымасціць двор дэкаратыўнай пліткай, ужо набыла адмысловую форму, з дапамогай якой будзе ствараць новую прыгажосць.

Сваім вопытам, ведамі і беражліва створанай прыгажосцю Людміла Іванаўна Мацюкевіч ахвотна дзеліцца з людзьмі. Нядаўна жанчына ўдзельнічала ў сустрэчы “Кветкі нашага жыцця”, падрыхтаванай казлоўшчынскай пярвічнай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын, для ўдзельнікаў якой яна правяла на сваім прысядзібным участку майстар-клас па размнажэнні ірысаў. Нягледзячы на складанасці, якіх на долю Людмілы Іванаўны выпала нямала, яна не губляе аптымізму, актыўна ўдзельнічае ў жыцці гарпасёлка і вельмі шчыра любіць кветкі.

Н. АВЯРЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *