Восень, калі падумаць, — самая шчодрая пара года. Пахне восень свежымі яблыкамі, радуе золатам дрэваў, глядзіць стракатымі вочкамі астраў, свеціць рыжымі зорачкамі аксамітак, вабіць грыбным лесам. Можна сказаць, што такая ж шчодрая для людзей і восень жыцця. Чалавек залатога ўзросту — мудры і вопытны чалавек, які дакладна ведае, што яму падабаецца, да чаго ён імкнецца. Нездарма кажуць, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.
Як жывуць людзі залатога ўзросту, у чым яны знаходзяць радасць для сябе, карэспандэнтка высвятляла ва ўдзельнікаў клуба «Нам гады не бяда» (кіраўнік Г. Э. Касцюк), які працуе ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Лілія Васільеўна Саўрасевіч:
— Калі выходзіш на пенсію, здаецца, што жыццё заканчваецца. Гэта не так — яно кардынальна мяняецца. Дзякуючы клубу «Нам гады не бяда», у мяне з’явіліся новыя сябры, з якімі ў нас шмат агульных інтарэсаў. Напрыклад, асаблівае задавальненне прынеслі нашы летнія паездкі. Мы пабылі ў Міры, Нясвіжы, Лаўрышаўскім манастыры, ля паклонных камянёў у Горцы, на сядзібе «Каля дуба». У клубе для нас адкрываюцца новыя магчымасці, тут можна пазаймацца на камп’ютары. Дарэчы, у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» ёсць старонка клуба «Нам гады не бяда», на яе падпісаны шмат сяброў.
Запісала І. Каўкель.
Фота аўтара.