Дыялог думак: шчодрая восень жыцця. Ірына Кіслая

Падзеі

Восень, калі падумаць, — самая шчодрая пара года. Пахне восень свежымі яблыкамі, радуе золатам дрэваў, глядзіць стракатымі вочкамі астраў, свеціць рыжымі зорачкамі аксамітак, вабіць грыбным лесам. Можна сказаць, што такая ж шчодрая для людзей і восень жыцця. Чалавек залатога ўзросту — мудры і вопытны чалавек, які дакладна ведае, што яму падабаецца, да чаго ён імкнецца. Нездарма кажуць, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.

Як жывуць людзі залатога ўзросту, у чым яны знаходзяць радасць для сябе, карэспандэнтка высвятляла ва ўдзельнікаў клуба «Нам гады не бяда» (кіраўнік Г. Э. Касцюк), які працуе ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Ірына Уладзіміраўна Кіслая:

— Як і для кожнай жанчыны, радасць для мяне — мая сям’я, мае дзеці і ўнукі. Аднак, упэўнена, што на пенсіі стасункі з сябрамі таксама неабходныя. Даўно наведваю клуб «Нам гады не бяда». Заўсёды з задавальненнем мы збіраемся разам, спяваем, танцуем, дзелімся ўспамінамі. Мы адзначаем Дні імянінніка, каляндарныя святы. Сёлета нават збіраліся ў Дзень закаханых. Калі ішла на мерапрыемства, меркавала: «Што ж мы там будзем рабіць?» А нам прапанавалі ўзгадаць сваё першае каханне, і, ведаеце, — на душы стала святлей.

У клубе мы звяртаемся адзін да аднаго па імёнах, гэта дае адчуванне, быццам вярнулася маладосць. А яшчэ нашы сустрэчы — выдатная нагода апрануць свае лепшыя ўборы, а гэта падымае настрой жанчынам любога ўзросту.

Запісала І. КАЎКЕЛЬ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *