Аб зменах у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Падзеі

З 3 верасня 2017 года ўступілі ў сілу змены ў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 года № 1 «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання».

  1. Банк або небанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя атрымоўваюць магчымасць адкрываць суб’ектам гаспадарання бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі на падставе інфармацыі, прадстаўленай рэгіструючым органам. Для гэтага суб’ект гаспадарання ў заяве аб рэгістрацыі павінен паказаць звесткі пра банк, у якім жадае адкрыць рахунак.

Дадзеная магчымасць распаўсюджваецца толькі на ізноў ствараемыя суб’екты гаспадарання (камерцыйныя і некамерцыйныя арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі).

  1. Нездзяйсненне прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу 24 месяцаў запар стане падставай для ліквідацыі (спынення дзейнасці) камерцыйнай арганізацыі або індывідуальнага прадпрымальніка ў спрошчаным парадку. Акрамя таго, паводле Палажэння аб ліквідацыі камерцыйная арганізацыя абавязана прыняць рашэнне аб сваёй ліквідацыі ў выпадку нездзяйснення ёю дзейнасці на працягу 24 месяцаў запар.
  2. Новыя магчымасці пры самаліквідацыі юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

3.1. Суб’ект гаспадарання пры самаліквідацыі атрымоўвае права звярнуцца да аўдытарскай арганізацыі або аўдытара-індывідуальнага прадпрымальніка, якія змогуць правесці праверку яго дзейнасці на прадмет наяўнасці (адсутнасці) запазычанасці перад падатковымі, мытнымі органамі і Белдзяржстрахам.

У выпадку звароту да аўдытара ліквідаваны суб’ект гаспадарання павінен паказаць аб гэтым у заяве аб ліквідацыі, якая падаецца ў рэгіструючы орган.

Дадзеная інфармацыя ўносіцца рэгіструючым органам у ЕГР і накіроўваецца ў падатковыя, мытныя органы і Белдзяржстрах.

У тэрміны, устаноўленыя Палажэннем аб ліквідацыі, названыя дзяржаўныя органы і арганізацыя на падставе аўдытарскага заключэння і справаздачы прадставяць у рэгіструючы орган адпаведныя даведкі (звесткі), неабходныя для прыняцця рашэння аб выключэнні суб’екта гаспадарання з ЕГР.

3.2. Ліквідатарам і індывідуальным прадпрымальнікам ужо не трэба звяртацца ў рэдакцыю часопіса «Юстыцыя Беларусі», каб апублікаваць звесткі аб ліквідацыі (спыненні дзейнасці). Дадзеныя звесткі будуць размяшчацца на афіцыйным сайце гэтага часопіса ў выніку электроннага ўзаемадзеяння рэдакцыі і рэгіструючага органа.

У гэтай сувязі аплаціць паслугі рэдакцыі суб’екту гаспадарання неабходна да падачы заявы ў рэгіструючы орган. У заяве аб ліквідацыі паказваюцца даныя плацежнага дакумента, які пацвярджае аплату гэтых паслуг, сам дакумент прад’яўляецца ўпаўнаважанаму супрацоўніку рэгіструючага органа. Да матэрыялаў рэгістрацыйнай справы дадзены дакумент не прылучаецца.

Для накіравання інфармацыі ў рэдакцыю часопіса «Юстыцыя Беларусі» упаўнаважаны супрацоўнік рэгіструючага органа, апроч звестак аб ліквідацыі, якія ўносяцца ў ЕГР у цяперашні час, павінен занесці дадатковыя звесткі аб тэрміне для заявы патрабаванняў крэдыторамі.

3.3. Дакументы на ліквідацыю (спыненне дзейнасці) можна падаць у электронным выглядзе праз вэб-партал ЕГР. Для гэтага заяўнік павінен быць аўтарызаваным карыстальнікам, гэта значыць мець ключ электроннага лічбавага подпісу.

Пералік падаваемых пры гэтым дакументаў адпавядае пераліку дакументаў, устаноўленаму Палажэннем аб ліквідацыі.

Уся інфармацыя аб парадку ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання і пакрокавая інструкцыя для заяўнікоў размешчана на вэб-партале ЕГР у адпаведным раздзеле.

Па выніках разгляду прадстаўленых дакументаў заяўніку ў яго кабінет на вэб-партале паступіць адпаведнае апавяшчэнне (аб занясенні ці незанясенні) звестак аб пачатку працэсу ліквідацыі юрыдычнай асобы (спыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка).

  1. Стала больш падставаў для прыпынення дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Так, прыпыніць дзейнасць індывідуальнага прадпрымальніка і, адпаведна, не выплачваць абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь можна, калі:

індывідуальны прадпрымальнік праходзіць тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу;

індывідуальны прадпрымальнік знаходзіцца ва ўстанове крымінальна-выканаўчай сістэмы, следчым ізалятары органаў дзяржбяспекі;

у дачыненні індывідуальнага прадпрымальніка вынесены прысуд, звязаны з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Для прыпынення дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка ў выпадку яго прызыву на тэрміновую ваенную службу або накіравання на альтэрнатыўную службу яму неабходна звярнуцца ў рэгіструючы орган (па месцы апошняй рэгістрацыі) з заявай аб прыпыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка па форме, устаноўленай Міністэрствам юстыцыі (далей – заява аб прыпыненні дзейнасці), і копіяй павесткі ваеннага камісарыята альбо прадпісання, выдадзенага пры накіраванні на альтэрнатыўную службу.

На працягу трох месяцаў з даты заканчэння знаходжання на ваеннай службе або праходжанні альтэрнатыўнай службы індывідуальны прадпрымальнік абавязаны падаць у той жа рэгіструючы орган заяву аб аднаўленні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка па форме, устаноўленай Міністэрствам юстыцыі.

У выпадку ўжывання да індывідуальнага прадпрымальніка меры спынення ў выглядзе ўтрымання пад вартай альбо адбыванні пакарання ва ўстанове крымінальна-выканаўчай сістэмы або следчым ізалятары органаў дзяржаўнай бяспекі па прысудзе суда індывідуальны прадпрымальнік мае права прыпыніць сваю дзейнасць шляхам накіравання ў рэгіструючы орган заявы аб прыпыненні дзейнасці. Зрабіць гэта трэба праз адміністрацыю ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы або следчага ізалятара.

Апроч волі індывідуальнага прадпрымальніка, яго дзейнасць прыпыняецца ў выпадку вынясення яму прысуду, звязанага з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. У гэтым выпадку ўстановамі крымінальна-выканаўчай сістэмы, следчымі ізалятарамі органаў дзяржаўнай бяспекі, крымінальна-выканаўчымі інспекцыямі ў рэгіструючы орган накіроўваецца адпаведнае апавяшчэнне і копія прысуда суда, у якім паказваецца тэрмін пакарання. Пры змене пакарання, звязанага з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, альбо яго тэрміну рэгіструючы орган апавяшчаецца аб гэтым у аналагічным парадку.

Па завяршэнні тэрміну, паказанага індывідуальным прадпрымальнікам у заяве аб прыпыненні дзейнасці, а таксама тэрміну, паказанага ў прысудзе, звязаным з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, рэгіструючы орган уносіць у ЕГР юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў звесткі аб аднаўленні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Ажыццяўленне дзейнасці індывідуальным прадпрымальнікам у перыяд яе прыпынення забараняецца, а грамадзянска-прававыя і (або) працоўныя дамовы з работнікамі індывідуальнага прадпрымальніка падлягаюць спыненню.

У выпадку спынення працоўнай дамовы з работнікам індывідуальнага прадпрымальніка, дзейнасць якога прыпынена (спынена) у сувязі са знаходжаннем ва ўстанове крымінальна-выканаўчай сістэмы, следчым ізалятары органаў дзяржаўнай бяспекі або ў сувязі з вынясеннем індывідуальнаму прадпрымальніку прысуду, звязанага з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, запіс аб звальненні работніка ўносіцца ў працоўную кніжку рэгіструючым органам і замацоўваецца пячаткай дадзенага рэгіструючага органа.

Дадаткова інфармуем, што дзейнасць індывідуальнага прадпрымальніка можа быць прыпынена і ў сувязі з доглядам за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2013 года № 462 «Аб некаторых пытаннях прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Сектар па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *