Знаёмцеся: Анастасія Забеліна

Падзеі

Анастасія Забеліна — ураджэнка горада Дзятлава, навучэнка архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

З беларускай мовай Анастасія сябруе са школы, таму адразу ж адгукнулася на прапанову кафедры беларускай мовы ўніверсітэта прыняць удзел у конкурсе творчых работ на роднай мове. Напісала серыю абразкоў пад агульнай назвай «Бабуліна гаспадарка» і атрымала грамату пераможцы.

Анастасія згадзілася пазнаёміць са сваімі абразкамі чытачоў газеты «Перамога».

Анастасія Забеліна

Спроба пяра

Зорка на зямлі і ў небе

У гады майго маленства была ў бабулi карова. Звалi карову Зорка. Прыгожая мянушка. Вiдаць, карова была выдатная. А чаму ж не?! Што прыгожая была, то яшчэ я памятаю, а малака цi многа давала, гэтага я не ведаю. Малая я яшчэ была, дык яго i на дух не пераносiла…

Гэта ж я запамятавала распавесцi пра iмя маёй бабулi. Гэта ж трэба: пра карову сказала, а пра бабулю забылася. А яна ж гаспадыня ўсяе гаспадаркi, пра якую я збіраюся распавядаць! Што за цуд гэта чалавечая памяць: нешта — перш успомнiш, нешта — потым, нешта зусiм запамятаеш. А чаму так, нават адказаць не можаш. Так i складваюцца розныя сямейныя гiсторыi. Можа, усялякiх прыдумак у iх i больш за праўду, затое iх ведаюць усе нашчадкi як нейкiя фантастычныя i цiкавыя гiсторыi роду, якiя перадаюцца з пакалення ў пакаленне i з’яўляюцца iх спадчынай.

А зваць маю бабулю Надзеяй. Надзея, Надзея! Адпавядае гэта iмя ёй цi не, як не думаю, нiчога прыдумаць не магу. Можа да канца апавядання зраблю якую-небудзь выснову. А цяпер вернемся да Зоркi. Доўга яна жыла ў бабулi. Усе ў вёсцы ведалi, якая выдатная была карова: i рахманая, i прыгожая, з такiмi вялiкiмi-правялiкiмi вачамі, блiскучымi, як зоркi. Вось i мянушку ёй такую бабуля дала, вiдаць, запрыкмеціўшы яе бяздонныя ззяючыя вочы. Часам я думала, гледзячы тады на Зорку, што каровы самыя пяшчотныя жывёлiны, такiя добрыя, бяскрыўдныя. На жаль, з лепшымi часцей за ўсё здараюцца розныя дрэнныя рэчы. Так было i з Зоркай. Усе яе любiлi, нават бабуля, часам схiльная паскардзiцца на сваю гаспадарку, была задаволена каровай.
Але моцна захварэла Зорка, доўгi час яна кульгала, нiякiя лекi не дапамагалi ёй. Было вырашана пазбавiць яе ад пакутаў — здаць на бойню. Гэта бачылася нам гуманным учынкам. Але калi карову вялi ў «апошнi шлях», немагчыма перадаць, якiя сумныя былi ў яе вочы. Яна ўсё разумела, мы таксама, але што можна было змянiць? I слёзы цяклi з яе вачэй-зорак, i яшчэ больш яны ззялi, як ззяюць сапраўдныя зоркi ў цемры жнiвеньскай ночы. Цi мог хто з роду людскога калi-небудзь падумаць, што жывёлiна можа так выразна выказваць свае пачуццi, што можа яна ўсё зразумець не горш за чалавека, а можа і лепш. А слёзы ўсё цяклi i цяклi, бязгучна капалi кроплi на дарогу…

Тады мне было надта шкада каровы. Цяпер — задумваюся: а можа, яе вочы тады ўжо бачылi нешта патаемнае. Можа, і не толькi сумавала Зорка, але i шчаслiваю была. Сумавала, што пакiдае нас, а радавалася, што вяртаецца дахаты. Можа, яе зорка да гэтага часу ярка ззяе на небасхіле кожную ноч. Нам нiколi пра гэта не даведацца. Але застаецца надзея. І Надзея — прыгожае летуценнае iмя, iмя маёй бабулi.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *