У цэнтры ўвагі — дзеці

Здарэнні і бяспека

Вельмі хутка скончацца летнія канікулы і дзеці пойдуць у школу, каб даведацца шмат новага, цікавага і карыснага. Да педагогаў напярэдадні новага навучальнага года далучацца ратаўнікі і звернуць увагу дарослых на праблему дзіцячага свавольства з агнём. Толькі асабісты прыклад матуляў і татаў, бабуляў і дзядуляў, старэйшых сёстраў і братоў лепш за іншых навучыць быць асцярожнымі з запалкамі, запальнічкамі і петардамі. Гэта дазволіць знізіць колькасць надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і забяспечыць іх належную бяспеку.

З 21 жніўня ў Гродзенскай вобласці стартуе акцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях “У цэнтры ўвагі — дзеці!”. Акцыя заклікана прыцягнуць увагу да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей на пажарах. Працягнецца акцыя да 22 верасня і будзе праходзіць у тры этапы.

На першым этапе з 21 па 31 жніўня ў буйных гандлёвых цэнтрах і іншых аб’ектах гандлю, якія рэалізуюць тавары для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, разам з дзіцячай вопраткай жыхары вобласці змогуць убачыць выстаўленыя нібыта на продаж камплекты баявога адзення ратаўніка для дзяцей, пакінутых без нагляду. У аддзелах канцылярскіх тавараў у гэты перыяд можна знайсці вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. У Дзятлаўскім раёне гэты этап будзе праходзіць у гандлёвым павільёне “Школьны базар”. Акрамя таго, актывісты Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных  і члены клуба юных ратаўнікоў-пажарных будуць раздаваць наведвальнікам брашуры, азбукі бяспекі, памяткі, календары.

На другім этапе з 1 па 15 верасня афіцэры аддзелаў па надзвычайных сітуацыях сумесна з работнікамі добраахвотнага пажарнага таварыства і таварыства ратавання на водах правядуць прафілактычныя гутаркі з дзецьмі, прымуць удзел у правядзенні класных гадзін і бацькоўскіх сходаў. У час мерапрыемстваў будуць прадэманстраваны тэматычныя навучальныя фільмы і мультфільмы, накіраваныя на прафілактыку пакідання дзяцей без нагляду, папярэджанне дзіцячага траўматызму і гібелі на пажарах. Педагогі змогуць атрымаць метадычную дапамогу ў навучанні дзяцей і бацькоў асновам бяспекі жыццядзейнасці.

У рамках этапу ў першы тыдзень верасня ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя пройдзе аперацыя “Эвакуацыя”. Гэта практычная адпрацоўка дзеянняў пры надзвычайнай сітуацыі з удзелам дарослых і дзяцей. Набытыя навыкі і веды ў выпадку рэальнай пагрозы дапамогуць правільна зарыентавацца, а, магчыма, і зберагчы чыё-небудзь здароўе або жыццё.

Трэці, завяршальны этап, пройдзе з 18 па 22 верасня ў дашкольных установах. Дзецям пакажуць тэатралізаваныя прадстаўленні і тэматычныя навучальныя мультфільмы. Для бацькоў і педагогаў ратаўнікі правядуць прафілактычныя гутаркі, навучальныя інструктажы, прадэманструюць тэматычныя відэафільмы.

А. БЕЛЕНКА,

інспектар Дзятлаўскага РАНС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *