Канцэртную праграму прапанавалі мясцовым жыхарам і гасцям Свята яблыкаў артысты Гродзенскай абласной філармоніі. Любіць прыязджаць да землякоў з песнямі Ала Аўдзейчык, і яе цёпла прымаюць, ахвотна падпяваюць, падтрымліваюць апладысментамі. Перад гледачамі выступілі спевакі, танцоры, музыканты. Цёпла прымалі баяніста Цімафея Сідарчука, танцавальны дуэт “Энігма”, спевакоў Вольгу Багданаву, Пятра Ракуця.
Паспяхова прайшоў майстар-клас па побытавых танцах. Нядаўна работнікі культуры апрабавалі яго ў санаторыі “Радон”. У жыхароў аграгарадка навучанне даўнейшым танцам таксама мела поспех. З замілаваннем і настальгіяй глядзелі людзі шаноўнага ўзросту, як удзельніцы народнага фальклорнага гурта вёскі Погіры пад кіраўніцтвам Тамары Ступак танчаць кракавяк, падыспань, полечку, на рэчаньку, лысага, сямёнаўну, яблычка – танцы іх маладосці. І. Міхайлоўская