Спроба пяра

Падзеі

Увага: пацук у гумне!

Здарылася гэта напрыканцы лета. Сабралася шмат гасцей у бабулiнай хаце. А бабуля мая найгасцiннейшы чалавек. Не памятаю такога, каб у бабулi гасцей не было. I далёкiя, i блiзкiя, і родныя, і сябры, і суседзi, і нават проста знаёмыя, такая ўжо яна жанчына.

А на той час не было куды iх у хаце пакласцi нанач: i ложкi занятыя, i на печы ў тры рады ляжаць, нават падлога — уся ў гасцях. I тут «самыя гарадскiя», як у вёсцы кажуць, наважыліся ў гумно спаць iсцi. Гэта ж экзотыка — на сене спаць. Доўга вагалася бабуля, але класці няма дзе, надавала iм коўдраў i адправiла, але папярэдзiла, што там пацук ходзiць. Тыя засмяялiся, адказалi, што ўжо вялiкiя, не баяцца пацукоў — і пайшлi сабе.

Усе ляглi спаць. Цішыня. Толькi ранiца пачыла займацца, чуем крык:
— Пацук, пацук!

Падхапiлiся ўсе, хто начаваў у хаце, а тыя ўжо прыбеглi, у дзверы стукаюцца. Адчыняе бабуля, пытаецца:

— Чаго напалохалiся, хiба ж я вас не папярэджвала?

А госці адказваюць:

— Надзея Пятроўна, вы ж казалi, што там пацук, а не пацучышча, гэта ж сапраўдны монстр!

А цяпер патлумачу: жыла ў бабулі нутрыя па мянушцы Ларыса. Бабуля нiколi нутрыяй яе не называла, па старой звычцы i гасцям сказала, што «пацук» там у яе ходзiць. Госці i ўявіць сабе не маглі, што гэта нутрыя. Здараюцца ж такія непаразуменнi! Напалохала iх Ларыска. Такая рахманая была. Прылезла, да жанчыны лягла ў нагах. Усю ноч жанчына думала, што гэта кошка. А калi трохi пасвятлела, убачыла, што гэта зусiм не кошка. Зубы доўгiя, жоўтыя, футра з арэхавым адценнем, вочкi, як гузiкi, глядзяць цікаўна. Напалохалася жанчына, бо не ведала такой жывёлiны, не сустракала раней. А Ларыска як напалохалася! Бабуля казала, што потым яна надта палахлiвая стала. І не дзiўна, такi жах перажыць: прыходзяць незнаёмцы ў Ларыскiна гумно, яшчэ i крычаць на чым свет стаiць ранiцай.

Атрымліваецца, што госцi бабулю не так зразумелi, а нутрыя гасцей зусiм не зразумела. На вёсцы ж усё не так, як у горадзе. Гарадскія «пацуком» нутрыю ніколі не называюць, i адбыцца такога ў іх наогул не можа. А на вёсцы — весела жыць. Вось якiя смешныя непаразуменнi там адбываюцца.

Н. ЗАБЕЛІНА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *