У Дзятлаўскім раёне ў ліпені-жніўні бягучага года лабараторна пацверджаны дыягназ “шаленства” двух хатніх катоў у вёсках Данілавічы і Літаварцы. Ад хворых жывёлін пацярпелі тры чалавекі, якім цяпер праводзіцца поўны курс прышчэпак ад шаленства.
Шаленства – вострае інфекцыйнае захворванне нервовай сістэмы, якое выклікаецца спецыфічным вірусам. Заразіцца вірусам можна праз укус або сліну хворай жывёліны. Шаленствам могуць хварэць усе хатнія і дзікія жывёлы, а таксама птушкі.
Захворванне чалавека суправаджаецца скрытым перыядам ад трох тыдняў да года. Пасля скрытага перыяду надыходзіць стадыя ўзбуджэння, якая праяўляецца праз павышэнне тэмпературы, галаўны боль, парушэнне сну, павышаную ўзбуджальнасць, вадабоязь. Далей стадыя ўзбуджэння пераходзіць у паралітычную – і чалавек памірае.
У жывёлін шаленства развіваецца ў буйнай і ціхай форме. Пры буйнай форме захворвання жывёліна спачатку прыгнечаная, без апетыту, абыякавая або празмерна ласкавая. Праз 1-2 дні з’яўляецца агрэсія. Хворыя сабакі моўчкі накідваюцца на іншых жывёлін або людзей, кусаюць іх. Праз некаторы час голас хворай жывёліны становіцца хрыплы, ніжняя сківіца адвісае, з’яўляецца касавокасць, пры паралічы глоткі – слінацячэнне. Сабакі становяцца агрэсіўныя, імкнуцца сарвацца з ланцуга і далёка збягаюць. Затым надыходзіць стадыя паралічоў. Яна заканчваецца гібеллю жывёліны праз 5-11 дзён пасля захворвання.
Пры ціхай форме шаленства ўзбуджэнне праяўляецца слаба. Першымі прыкметамі захворвання з’яўляюцца цяжкасць пры глытанні, слінацячэнне. Затым адвісае ніжняя сківіца, развіваецца параліч мускулаў канечнасцяў і тулава. Смерць надыходзіць праз 3-4 дні.
У катоў шаленства працякае ў буйнай форме. Яны хаваюцца ад людзей, кідаюцца на іх, кусаюць і драпаюць.
Хворыя на шаленства дзікія жывёліны змяняюць паводзіны – яны без боязі ў светлы час сутак прыходзяць у населеныя пункты, на жывёлагадоўчыя фермы, кідаюцца на людзей і свойскіх жывёлін.
Асноўнымі мерамі папярэджання захворвання людзей на шаленства з’яўляецца правільнае ўтрыманне хатніх жывёлін, адлоў бадзяжных сабак і катоў, штогадовая вакцынацыя сабак і катоў супраць шаленства. Сабак належыць утрымліваць у закрытых памяшканнях або на трывалым ланцугу, выводзіць на прагулку на кароткім павадку, у намордніку. Каб зрабіць прафілактычную вакцынацыю свойскіх жывёлін супраць шаленства, трэба звяртацца ў ветэрынарныя ўстановы па месцы жыхарства.
Ведайце і памятайце, што захворванне на шаленства не вылечваецца і заўсёды заканчваецца смерцю хворага.
Шаленства можна папярэдзіць толькі прышчэпкамі. Эфектыўнасць прышчэпкі залежыць ад тэрміну звароту па медыцынскую дапамогу.
Калі вас укусіла жывёліна, трэба адразу як мага глыбей прамыць рану канцэнтраваным мыльным растворам (гэта забівае да 80% вірусаў), а затым звярнуцца па дапамогу ў медыцынскую ўстанову для вырашэння пытання аб мэтазгоднасці прызначэння курсу прышчэпак супраць шаленства.
У працоўныя дні звяртайцеся ў траўматалагічны кабінет Дзятлаўскай раённай паліклінікі або медыцынскую ўстанову па месцы жыхарства, у выхадныя і святочныя дні, начны час – у прыёмнае аддзяленне Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Інфармацыю аб мерах па прафілактыцы шаленства можна атрымаць у Дзятлаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па нумары 2-65-13, Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы – 2-22-09, Дзятлаўскай ветэрынарнай станцыі – 2-18-05.
М. ДЗЯДОВІЧ,
доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ