Рэспубліканскі семінар-нарада па гандлі на Дзятлаўшчыне

Падзеі

3 жніўня на базе Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада па тэме «Аб выкананні праграмы вяснова-летняга гандлю па выніках работы за першае паўгоддзе». У ім прынялі ўдзел старшыня Праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў, работнікі апарата кіравання Белкаапсаюза, старшыні праўленняў аблспажыўсаюзаў, аблспажыўтаварыства, іх намеснікі па гандлі і грамадскім харчаванні, нарыхтоўках, прамысловасці, начальнікі ўпраўленняў гандлю, аддзелаў грамадскага харчавання аблспажыўсаюзаў, аблспажыўтаварыства, старшыні райспажыўтаварыстваў і філіялаў, дырэктары шэрагу прамысловых прадпрыемстваў, унітарных прадпрыемстваў «Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза», «Парэчча Белкаапсаюза», ААТ «Маладзечнагандаль», «Гомельскі завод гандлёвага абсталявання», «Завод Белкааппрагрэс» Белкаапсаюза».

З парадкам дня прысутных пазнаёміў старшыня Праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў. Затым удзельнікі сустрэчы раздзяліліся на дзве рабочыя групы і накіраваліся па вызначаным маршруце. Першая рабочая група ў складзе работнікаў апарата кіравання Белкаапсаюза наведала хлебазавод Дзятлаўскага філіяла, дзе азнаёміліся з выпускам прадукцыі прадпрыемства. Таксама ўдзельнікі семінара пабылі на мясаперапрацоўчым комплексе.

Як навідавоку ў пакупнікоў гатуюцца пельмені і піца, пабачылі ў закусачнай «Лепім самі». Цікавіліся работай прыёмнага нарыхтоўчага пункта на базе складскіх памяшканняў магазіна «Свет тэхнікі». У магазіне «Будматэрыялы» ўдзельнікам семінара прадэманстравалі, як арганізавана работа з элементамі франчайзінга з ТАА «ОМА», як працуе магазін-склад, што гандлюе будаўнічымі таварамі. Адбылася прэзентацыя аўтамагазіна самаабслугоўвання ТАА «ЮніСКАФ». У магазіне «Родны кут» удзельнікі семінара-нарады знаёміліся з работай вытворчых цэхаў (кандытарскага, мясных паўфабрыкатаў, кулінарнага), арганізацыяй гандлю прадукцыяй грамадскага харчавання з выкарыстаннем свежых ягадаў (кандытарскія вырабы, піражкі), работай аддзела «Мясная лаўка» (з шырокім асартыментам мяса і мясных паўфабрыкатаў, субпрадуктаў, бараніны, труса, індычкі, качкі), гандлю жывымі кветкамі, рыбай на лёдзе, работай фірменных секцый, дэгуставалі кулінарную і кандытарскую прадукцыю грамадскага харчавання, прадукцыю Дзятлаўскага сыраробнага завода, даведаліся, як праводзяцца маркетынгавыя мерапрыемствы на асобныя найменні прадукцыі. На другім паверсе, у магазіне «Прамтавары», азнаёміліся з работай аддзела «Дзіцячы свет» і фірменных секцый.

На пленарным пасяджэнні абмеркавалі выкананне праграмы вяснова-летняга гандлю па выніках работы за першае паўгоддзе і падвялі вынікі семінара-нарады.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *