Перавышэнне службовых паўнамоцтваў

Падзеі

Яшчэ ў пачатку 2017 года ўвагу фінансавай міліцыі прыцягнула адна з гаспадарак, якая размешчана ў Слонімскім раёне, а дакладней – здзелка па спісанні і адчужэнні маёмасці аднаго з дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў. Гаворка ішла аб канструкцыі ў выглядзе будынка-этажэркі, пары дзясяткаў ёмістасцяў для захоўвання збожжа са сплаву каляровых металаў са збожжасушыльным комплексам, якія прадпрыемствам фактычна не выкарыстоўваліся. На працягу 2014 года названы аб’ект неправамерна спісваецца з бухгалтарскага ўліку і па заніжаным кошце. У сувязі з аднясеннем прадпрыемства да камунальнай формы ўласнасці абавязковай умовай яго спісання з’яўлялася рашэнне Слонімскага райвыканкама, аднак узгадніць спісанне з фактычным уласнікам гаспадарка “не пажадала”. У лютым 2015 года прадпрыемства “нечакана” заключае дагавор на разборку названых ёмістасцяў для захоўвання збожжа колькасцю 24 адзінкі з расійскай камерцыйнай фірмай. Пасля вывучэнне дагавора “на разборку” стала зразумела, што адбываецца. У якасці адной з умоваў значыўся абавязак гаспадаркі пасля разборкі прадаць ёмістасці гэтай жа расійскай фірме. А кошт работы па разборцы быў ацэнены ў некалькі сотняў мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Узнікла пытанне: адкуль сума, чым пацверджана, дзе разлікі, калькуляцыя кошту выкананых работ? Як аказалася, нічога гэтага ў гаспадарцы не было, як і не было абавязковай у гэтым выпадку працэдуры закупкі паслугаў.
Ці была магчымасць у прадпрыемства выканаць разборку сіламі сваіх работнікаў або выкарыстоўваць паслугі мясцовых будаўнічых арганізацый? На адпаведныя запыты фінансавай міліцыі ў мясцовыя камерцыйныя і дзяржаўныя будаўнічыя арганізацыі былі атрыманы адказы аб наяўнасці магчымасці выканаць дадзены від работ, а таксама аб іх кошце, які пачынаўся ад 80 мільёнаў і не перавышаў максімальна магчымыя 460 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, што толькі ў параўнанні з коштам расійскай фірмы пацягнула прычыненне страты і шкоды прадпрыемству ў суме звыш 190 мільёнаў недэнамінаваных рублёй.

У далейшым кіраўнік прадпрыемства вырабляе незалежную ацэнку ёмістасцяў, якая дае заключэнне аб іх кошце ў памеры 600 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, а пасля ацэнкі, у красавіку 2015 года заключае з расійскай фірмай экспартны дагавор пастаўкі ёмістасцяў на агульную суму ў 3348000 расійскіх рублёў.
На працягу мая 2015 года, ёмістасці ў разобраным выглядзе былі вывезены з тэрыторыі сельгаспрадпрыемства ў Расію, а паміж пакупніком і прадаўцом заключана пагадненне аб заліку патрабаванняў, па якіх кошт работ па разборцы, якія выканаў расійскі бок у сваіх жа інтарэсах, быў вылічаны з кошту ёмістасцяў. У выніку агульная сума грашовых сродкаў, атрыманая сельгаспрадпрыемствам ад продажу, склала даволі сімвалічныя 1073000 расійскіх рублёў, што па дзеючым курсе валют эквівалентна 309 мільёнам недэнамінаваных рублёў, а вось памер страты і шкоды гаспадарцы ў выніку незаконных дзеянняў – звыш 200 мільёнаў рублёў, не лічачы нявыплачаны прадпрыемствам у бюджэт падатак на дабаўлены кошт у некалькі дзясяткаў мільёнаў беларускіх рублёў.

Акрамя гэтага, фінансавая міліцыя зацікавілася пытаннем: а ці не набывала названая расійская фірма падобныя ёмістасці яшчэ ў якіх-небудзь гаспадарках? Аналагічныя ёмістасці гэтая ж расійская фірма набыла праз беларускую фірму-пасрэдніка ў адным з камунальных сельгаспрадпрыемстваў Смаргонскага раёна. Кіраўніком гэтага прадпрыемства, у адрозненні ад Слонімскага, продаж быў пацверджаны адпаведным рашэннем мясцовага выканаўчага камітэта, а разборка ёмістасцяў праводзілася беларускай фірмай-пакупніком за свой кошт. У выніку ў выйгрышы засталіся ўсе: і сельгаспрадпрыемствы, і беларускі пасрэднік, і расійская фірма.
І тут выявілася яшчэ адна немалаважная акалічнасць: беларуская фірма-пасрэднік, якая займалася разборкай і набыццём ёмістасцяў у Смаргоні для іх продажу расійскай фірме, тады ж звярталася ў слонімскае сельгаспрадпрыемства з прапановай купіць згаданыя вышэй ёмістасці па больш высокай цане і разабраць іх за свой кошт. На жаль, іх прапанова была адхілена.

Пракуратурай Гродзенскай вобласці на падставе сабраных фінансавай міліцыяй матэрыялаў у дачыненні да былога кіраўніка слонімскага сельгаспрадпрыемства ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Калі вам давялося сутыкнуцца з фактамі злоўжыванняў кіраўнікамі і службовымі асобамі прадпрыемстваў, арганізацый, установаў сваімі службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых і асабістых мэтах, фактамі крадзяжоў з боку названых асобаў, атрымання хабару і незаконных узнагароджанняў і паслугаў, Слонімскі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў гатовы разгледзець адпаведную інфармацыю з прымяненнем да парушальнікаў самых строгіх мераў адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Нашы тэлефоны і кантактныя дадзеныя: 8-01562-64-3-80, 64-3-81, 64-3-82, г. Слонім, вул. Горкага, 22 .

С. ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *