Меланома: прыкметы і прафілактыка

Падзеі

Рак скуры — адна з частых формаў злаякасных пухлін. Частата раку скуры складае каля 5% ад агульнага захворвання на рак.

Меланома хутка ўтварае метастазы, а пасля гэтага лічыцца практычна невылечнай. Папярэдзіць развіццё меланомы лягчэй, чым іншыя віды раку. Цяпер для дыягностыкі меланомы выкарыстоўваецца шэраг крытэрыяў, якія дазваляюць адрозніць меланому ад іншых пігментных утварэнняў або ад дабраякасных пухлін скуры.

Галоўныя прыкметы меланомы:

  • хуткі рост новай ці пачатак хуткага росту старой радзімкі;
  • змена контурнай лініі старой радзімкі або з’яўленне новай радзімкі з расплывістымі краямі;
  • нераўнамерная афарбоўка новай хуткарослай радзімкі, або з’яўленне гэтых прыкмет у старой радзімкі.

Дадатковыя прыкметы дыягностыкі меланомы:

  • павелічэнне памераў радзімкі больш чым на 7 мм;
  • крыватачывасць і сверб пігмента на скуры.

Любы з пералічаных ніжэй фактараў можа павысіць рызыку развіцця рака скуры:

  • светлая скура, блакітныя або зялёныя вочы, светлыя, рудыя або светла-каштанавыя валасы, а таксама скура, якая пакрыта вяснушкамі і лёгка раздражняецца на сонцы;
  • вялікая колькасць сонечных апёкаў у мінулым;
  • наяўнасць раку скуры ў кагосьці з сям’і;
  • пражыванне або адпачынак ва ўмовах сонечнага клімату або высакагор’я;
  • вялікая колькасць радзімак;
  • слабы імунітэт (напрыклад, у людзей з ВІЧ / СНІДам або ў людзей пасля трансплантацыі органаў)
  • прыём прэпаратаў, якія павышаюць адчувальнасць да сонечнага ўздзеяння.

У дыягностыцы меланомы важна ўлічваць, што ў мужчын гэтая пухліна часцей за ўсё размяшчаецца на спіне, а ў жанчын — на галёнцы. Нягледзячы на гэта, трэба правяраць усе ўчасткі скуры.

Пры выяўленні характэрных прыкмет трэба неадкладна звярнуцца да дэрматолага. Рак скуры можа ўзнікаць у любым узросце, пры гэтым меланома часцей развіваецца ў маладых людзей.

Для таго, каб абараніць сябе ад раку скуры і меланомы, не варта доўга знаходзіцца пад сонцам, выкарыстоўваць спецыяльныя крэмы (з SPF больш за 70), насіць светлую вопратку і галаўныя ўборы ў сонечныя дні, рэгулярна аглядаць скуру і звяртаць увагу на радзімкі.

А. АНАСТАСАВА,
доктар-анколаг Дзятлаўскай ЦРБ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *