Наша Дзятлаўшчына – родны кут!
Як прыемна быць народжаным тут!
Дарам Божым ад бацькоў перайшло
Найраднейшае святое жытло.
(З маёй песні “Тут твой дом”, прысвечанай траюраднаму брату Уладзіміру Ёду, 2017)
Пра сябе
Я нарадзілася 04.11.1953 года ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і настаўніка Мікалая Міхайлавіча Дзіцэвіча. Маці – Юлія Бенедыктаўна (у дзявоцтве Дзядовіч) — працавала ў калгасе “Першае мая”.
Закончыла Дзятлаўскую СШ № 2 (1971), філфак БДУ (1976), аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР (1983), Рэспубліканскі Інстытут вышэйшай школы па спецыяльнасці “Псіхолаг” (2011).
Працавала ў Інстытуце гісторыі АН БССР малодшым навуковым супрацоўнікам (1973), у Сцяпянскай СШ №2 Мінскага раёна (потым перайменавана ў СШ №183 г. Мінска) настаўніцай, а пазней намеснікам дырэктара (1976-1991), намеснікам дырэктара гімназіі № 5 г. Мінска (1991-1995), старшым выкладчыкам Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання (1995-1997), старшым выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры (1997-2008), начальнікам аддзела выхаваўчай работы з моладдзю, псіхолагам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Займалася рэдагаваннем сцэнараў на тэлеканале “Лад”, напісаннем сцэнараў па культуры мовы, удзельнічала ў здымках тэлеперадач па моўных і культурніцкіх пытаннях.
Займаюся навуковай, псіхолага-асветнай працай, публіцыстычнай і мастацкай творчасцю.Надрукавала каля 80 артыкулаў у газетах «Наша слова», «ЛіМ», «Новы час», часопісе “Вышэйшая школа” і іншых навукова-папулярных і асветніцкіх выданнях. Напісала 243 мастацкія творы: вершы, песні, апавяданні, казкі; 26 навукова-метадычных артыкулаў. Апублікавала дакументальна-публіцыстычную кнігу ” Беларуска-ірландскі дзённік” (2006г.), у якой паказала сістэму аздараўлення беларускіх дзяцей у Ірландыі, адлюстравала палітычныя, эканамічныя, культурніцкія аспекты ірландскага і беларускага жыцця.
Займаюся актыўнай грамадскай працай, з’яўлялася першым намеснікам старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”, намеснікам старшыні Таварыства “Беларусь—Ірландыя”, працую ў ГА “Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння “Сакавік”, займалася гуманітарнай дзейнасцю і аздараўленнем дзяцей за мяжой. На працягу 20 гадоў выязджала з групамі беларускіх дзяцей у Італію, Англію, Уэльс і Ірландыю.
Цяпер з’яўляюся індывідуальным прадпрымальнікам, праводжу адукацыйную дзейнасць у сферы псіхалогіі. Стварыла Школу асобаснага росту “ШАР”, Псіхалагічны тэатр мініяцюр. На ютубе створаны два каналы псіхолага Людмілы Дзіцэвіч, дзе выстаўленыя 43 відэаролікі па самых розных аспектах жыцця, працуюць псіхалагічныя групы на фэйсбуку і вконтакте.
Маю дачку Юлію Дзіцэвіч, якая працуе намеснікам дырэктара дырэкцыі інтэрнэт- навінаў АТН Белтэлерадыёкампаніі. Яна прапагандуе рыбалоўства ў праекце “Получи леща”, а таксама праводзіць онлайн-канферэнцыі з выбітнымі людзьмі Беларусі. Юлія з’яўляецца блогерам і размяшчае матэрыялы на сваім ютуб-канале, прапагандуе мотакультуру ў шматлікіх роліках пра мотафестывалі.
Я за сваё жыццё пабывала ў шматлікіхкраінах на нашай планеце, і толькі цераз палову майго жыцця ўсвядоміла, што добра не там, дзе нас няма, а там, дзе мы ёсць, дзе нарадзіліся, дзе нашы бацькі, родная хата, родныя людзі. Там, дзе ты атрымаў Божыя дары, таленты, скарбы. Таму сваю творчасць, свае вершы, песні я прысвячаю ў асноўным блізкім людзям і роднай зямлі.
Таму цяпер кожнае лета я прыязджаю на Дзятлаўшчыну, у сваю родную вёску Погіры, дзе стаіць родная хата, у якой ужо жывуць іншыя людзі, але яна грэе мяне сваёй цеплынёй, як і ў дзяцінстве. Я завітваю да сваіх суседзяў і слухаю іх успаміны пра маіх бацькоў і мяне.
Я наведваю могілкі, дзе знайшлі спачын мае бацькі, Дзіцэвіч Мікалай Міхайлавіч, загадчык Погірскай пачатковай школы, і Юлія Бенедыктаўна. Сёлета спаўняецца 32 гады памяці па іх.
Мама мяккасць дала і жаноцкасць прыўкрасную,
Промень мудрасці сонечнай перадала,
Сэрцам выткала поле жыцця майго краскамі,
І моц духу, і веру ў Боскасць дала.
Папка любы мой вёў у дзівосны навукі свет,
Адкрываў кніжак водар, таемства пяра,
Навучаў зберагаць родны наш запавет,
Блаславіў на прастор з дарагога двара.
Мы ў паклоне галовы схіляем прад вамі
У павазе, удзячнасці, шчырай любві,
Для дзяцей мы такімі, як вы, сталі бацькамі,
Каб у памяці нашай вы заўсёды жылі.
(з песні “У памяці нашай – бацькі”, 2015)
Я ўспамінаю лёс сваёй мамы, калгасніцы-працаўніцы, якая, як і ўсе астатнія маці, паспявала і ў сям’і, і ў полі, перадавала нам, дзецям, глыбокую веру ў магутнасць і непаўторнасць зямнога жыцця. І хоць хапала на яедолю трагічных выпрабаванняў – яна пахавала бацькоў, траіх дзяцей, чатырох братоў і сясцёр, перажыла пажар хаты, але толькі мацнела духам пад іхцяжарам.
Мама веру дала і душы свет магутны,
Каб ніколі, нідзе не загас той агеньчык,
Што нам Бог пасылае, іскрой Божай акутаны,
Каб гарэў той агонь Любві, Веры навечна.
(з верша “Шлях да сябе”, 2013)
На погірскіх могілках некалькі гадоў назад выбрала сваё апошняе прыстанішча каля мужа і цётка мая Алена Дзядовіч, не дажыўшы тры месяцы да сваіх слаўных 93 гадоў, жонка любімага дзядзькі Юзіка. На працягу дваццаці гадоў яна перадавала мне свае ўспаміны пра наш род, захаваўшы ў памяці безліч імёнаў, падзеяў і датаў. Як добра, што я паспела гэта зрабіць і цяпер маю грунтоўную радаводную інфармацыю.
Сёння кветкі нясуць дзеці, унукі і праўнукі,
Асыпаюць пяшчотай матулю-бабулю,
Зычаць шчасця, здароўя на гады, на вякі
Засяваюць у хаце мір, спакой і ўтульнасць,
Каб ля хаткі штолета гэтак кветкі цвілі,
І сланечнікі ціха пад сонцам паснулі,
Каб калыскай і сховай, як заўсёды, былі
Наймякчэйшыя, любыя рукі матулі.
(з верша “Клубок лёсу”, 1999)
Мой старэйшы брат Рычард і яго сям’я даглядаюць магілы нашых бацькоў, і я радуюся, што яго дачка Святлана Басай, і сын Андрэй, і чацвёра хлопцаў-унукаў выхаваныя ў святой павазе да памяці продкаў. Ды і дачка мая захоўвае ўспаміны пра свой радавод, стварыўшы фільм пра маіх бацькоў “Успаміны нашчадкаў”, складаючы фільмы і відэаролікі пра нашу сям’ю.
Сёння мама сваімі рукамі ў святым дараванні
Нас усіх на жыццё і на вечнасць благаслаўляе
І на погірскіх могілках у спакоі і светлай пашане
Блаславенна і ціха сярод сваіх спачывае.
Мы ў паклоне схіляем галовы прад табой у маленні,
У глыбокай удзячнасці, у роднай мове,
У абяцанні, што твае ўсе пакаленні,
Ісці будуць шляхам не жалю, а дабрыні і прасветлай любові.
(з верша “Шляхам жальбы, дабрыні і любові”, 2015)
У нашай сям’і было шасцёра дзяцей, аднак першыя трое – Янечка, Мішка і Колька – памерлі ў малым узросце. Старэйшы брат Рычард, у былым заатэхнік, цяпер жыве з працавітай і клапатлівай жонкай Галінай на радзіме, на Дзятлаўшчыне, у в. Раклевічы са сваёй вялікай сям’ёй, калі прыязджаюць двое дзяцей са сваімі палавінкамі і чацвёра ўнукаў. Кожнаму з іх я прысвяціла свае вершы і песні, якія ў рамках на сценах іхніх дамоў і маёй кватэры ў Мінску нагадваюць пра нашу вялікую роднасную повязь. Я яму вельмі ўдзячная за шчодрасць, уменне дапамагчы ў цяжкую хвіліну, за вернасць роднай зямлі, за магчымасць прыехаць на радзіму, знайсці прытулак ў яго ўтульнай хаце і адчуць радасць ад скарбаў спадчыны.
Ты – радзіма мая, зберагальнік магіл
Дзядоў нашых і погірскай хаты,
Твой агмень майму сэрцу прыветны і мілы,
Да цябе я лячу, як на свята.
Для мяне ты і бацька, і муж, і радня,
Увесь свет ты ўвасобіў сабою,
У табе мая спадчына, песня мая,
Што ў дзяцінстве спявалі з табою.
(з верша “У табе мая песня дзяцінства”,2016 )
У гэтым годзе мой брат і яго жонка адзначылі свой 70-гадовы юбілей. З глыбокай пашанай і ўдзячнасцю гучалі словы маёй песні найлепшаму брату і братавой “Праз дабрыню – у вечнасць”, 2017, выкананай разам з дачушкай.
Для цябе нараджу акіян любві,
Змыю раны, і слабасць, і гнёт,
На спрадвечнай, бацькоўскай любоўнай крыві
Мкне ў вечнасць славуты наш род.
Прыпеў:
Родны брат, найлепшы брат,
Ты мой кумір, і сэрцу гарт,
Мая любоў, мая радзіма,
Мая сям’я і свет адзіны.
Мой сярэдні брат, Барыс, паляўніцтвазнаўца, дацэнт Іркуцкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, з 1968 года жыве ў Сібіры, у Іркуцку.Яшчэ дзесяцікласнікам Дзятлаўскай СШ № 2 ён захацеў прафесійна служыць таёжнай прасторы і па сваім жаданні паехаў туды, як казаў наш дзядзька Юзік, куды за царом ссылалі ў ссылку. Там ён і прыжыўся з жонкай Галінай Дзюбай, таксама ураджэнкай Беларусі, маючы двое дзетак і двое ўнукаў. Я заўсёды клічу іх на Дзятлаўшчыну да радні, якая помніць і чакае ў госці.
Тут заўсёды твой дом – прыязджай часцей
І вяртайся ў сваё дзяцінства, юнацтва далёкае,
Каб душою не згаснуць, не ачарствець,
Каб долю сваю адчуваць чыстай і лёгкаю.
(з верша “Прыязджай часцей”, 2014)
Здесь грибы в сказку леса манят
На Загончики, Коскову гору,
Окна погирской хаты глядят
Любовным, приветливым взором.
Речка Дятловка ждет на улов,
Рай в цветастом пчелином лугу
И Пилиповка средь берегов
Не похожи ничуть на тайгу.
На кладбище Песчанка ведет,
Где мир предков в тиши почивает,
И наследникам передает
Завещанье любви к своему краю.
Приезжай и отведай хлеб-соль,
Из криницы родимой попей,
Успокоит тревогу и боль
Та родня, что нет в жизни родней.
(з песні “Радня”, 2015)
Я вельмі хачу, каб мае родныя сібіракі ўсе пабывалі ў нас на Беларусі, палюбаваліся нашымі пякнотамі. Таму і запрашаю тых, хто яшчэ не пабачыў гэтай святой дзятлаўскай зямлі, якая рупна гадавала майго брата Барыса.
Где бы ни был ты, помни о земле белорусской,
Где мир предков тебе завещанье хранит,
Приезжай, поклонись им сердечно, по-русски,
Твоя память надежней, чем крепкий гранит.
( з верша “Помни о земле белорусской” 2016)
Глыбокую ўдзячнасць захоўваю я да сваёй беларускамоўнай Дзятлаўскай школы №2, сваіх настаўнікаў, дырэктара Зайко Паўла Канстанцінавіча і класнага кіраўніка Лябецкай Ірыны Мікалаеўны, да якой я штогод летам наведваюся. Менавіта яны ўсклалі на мяне адказнасць быцьсакратаром камсамольскай арганізацыі школы, навучалі цярплівасці і працавітасці, уменню кантактаваць з людзьмі. Ірына Мікалаеўна, таленавітая і душэўная, настаўніца Божага дару, прывіла любоў да роднай мовы, літаратуры, увяла ў свет прыгажосці мастацкага слова.
У 2011 годзе мы ў школе адзначылі 40 гадоў заканчэння школы, сустрэліся з аднакласнікамі і настаўнікамі.І хоць не было на гэтай сустрэчы маёй любімай Ані Шостак (Грэйня), з якой мы прасядзелі за адной партай ад першага да апошняга класа, але менавіта тады я пачала часцей наведваць сваю аднакласніцу, таму што зразумела, што такія сустрэчы трэба ладаваць, трэба спяшацца любіць і абдымаць жывых,бо жыццё зямнога веку не вечнае.
І праз сорак гадоў мы такія ж натхнёныя,
Мы – настаўнікі, інжынеры, хірургі,
Сыраробы, бухгалтары і шафёры –
Самы слаўны і працавіты дзятлаўскі люд,
Сабраныя і аб’яднаныя роднаю школаю,
Сэрцам мы прапісаліся на ўсе вякі вечныя тут.
(з верша “Добрае слова пра нас” 2011)
Гэтым артыкулам я хачу выказаць найвялікшую любоў і ўдзячнасць роднай зямлі, блізкім, родным, настаўнікам, аднакласнікам, суседзям, калегам, сябрам, кожнаму чалавеку-земляку, з якім звяло хоць на хвілінку мяне жыццё, бо яны так шмат зрабілі для маёй асобы, а самае галоўнае – навучылі любіць сваё, роднае, беларускае, дзятлаўскае, погірскае. Хачу папрасіць прабачэння ў іх, калі я словам, учынкам ці занядбаннем пакрыўдзіла каго, бо рабіла я гэта несвядома.
І душою маёю падарунак мой зроблены вам:
Маё добрае слова, і любоў, і ўдзячнасць дарам,
Што ад вас атрымала, – вы ў жыцці мяне так бераглі,
Вам паклон і пашана, і любімай бацькоўскай зямлі.
( з верша “Маё жыццё”2013)
І нашчадкам нашым таксама хачу завяшчаць гэтую псіхалагічную сістэму трох кітоў, на якіх грунтоўна, як на скале, стаіць усё чалавецтва – навучыцца любіць, дзякаваць і прабачаць, помніць свой род і цягнуць у вечнасць ніту бяссмерця.
Не парві ланцужок паміж продкамі і нашчадкамі,
Род наш прымае ўсіх—мужчыну й жанчыну.
Мы ўваскрэснем з табой і шчодрымі, і ашчаднымі,
Каб ніводнай хвіліны нябыту дарма не пакінуць.
На варштаце вякоў вытчам посцілку для нашчадкаў—
Куст шыпшыны ўквеціць мужчынскі магутны клінок,
А жанчынам з любові, вернасці і парадку
Мы спляцём з хрызантэмы й валошкі гаючы вянок.
Хай шыпшына натхняе сыноў у баі суровым,
Хрызантэма й валошка загояць крывавы след.
І ў спляценні гадоў у радасці і ў горы
Хай нашчадкі выконваюць наш векавы запавет.
(з песні “Нашчадкам, 2013)
Людміла Дзіцэвіч, псіхолаг, кіраўнік Школы асобаснага росту, Псіхалагічнага тэатра мініяцюр г. Мінск