А піражок свежы?

Падзеі

Вострыя кішэчныя інфекцыі – гэта самыя распаўсюджаныя захворванні. Верагоднасць іх узнікнення – высокая. Яны рэгіструюцца на працягу ўсяго года з пад’ёмам у летне-асенні перыяд.

Узбуджальнікі вострых кішэчных інфекцый у арганізм чалавека трапляюць з ежай, вадой, у маленькіх дзяцей — праз брудныя рукі, цацкі. Асаблівую небяспеку ўяўляюць прадукты, якія хутка псуюцца, а таксама стравы, прыгатаваныя без тэрмічнай апрацоўкі і якія ўжываюцца ў халодным выглядзе. Асноўныя сімптомы захворвання – вадкі стул, ваніты, боль, бурчанне і ўздуцце жывата, сімптомы агульнай інтаксікацыі. Кішэчныя інфекцыі характарызуюцца павышанай тэмпературай, але варта ўлічыць і тое, што пры абязводжванні тэмпература цела можа быць нармальнай або паніжанай.

Калі ваша дзіця захварэла, у яго рвота, ліхаманка, вельмі важна паклапаціцца, каб яно піло дастаткова вадкасці (чай, адвар з рысу і агародніны, кампот з сухафруктаў). Даваць вадкасць маленькім дзецям неабходна па 2-3 чайныя лыжкі кожныя 3-5 хвілін, але не больш за 300 мл, старэйшым – можна піць з кубка. Выпіты адразу вялікі аб’ём вадкасці можа выклікаць рвоту. Пасля цяжкіх інфекцый, асабліва ў выпадках самалячэння, могуць развівацца ўскладненні і пераход у хранічную форму.

Каб засцерагчы сябе і дзяцей ад вострых кішэчных інфекцый, рэкамендуецца: строга выконваць правілы асабістай гігіены, старанна мыць рукі з мылам пасля вяртання з вуліцы, перад ужываннем ежы; піць кіпячоную, бутыліраваную ваду; садавіну і агародніну перад ужываннем мыць пад праточнай вадой, а для маленькіх дзяцей яшчэ і кіпячонай вадой; не набываць прадукты ў выпадковых асобаў або ў месцах несанкцыянаванага гандлю; для апрацоўкі сырых прадуктаў неабходна карыстацца асобнымі нажамі і раздзелачнымі дошкамі; добра прасмажваць і праварваць прадукты, асабліва мяса, птушку, яйкі, марскія прадукты; не варта змешваць свежапрыгатаваную ежу з рэшткамі з папярэдняга дня; на кухні захоўваць чысціню, не збіраць смецце і харчовыя адходы, не дапускаць з’яўлення мух і тараканаў; дзіцячы посуд рэгулярна мыць з дазволенымі мыючымі сродкамі, перад выкарыстаннем абліваць кіпнем.

М. ДЗЯДОВІЧ,
доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *