Ва ўрочышчы Рыбакі праходзіць абласны турысцкі злёт

Падзеі

З 6 па 8 ліпеня ва ўрочышчы Рыбакі праходзіць абласны турысцкі злёт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Здаровы я – здаровая краіна!”, прысвечаны Году навукі.

Дзятлаўшчына ў чацвёрты раз прымае абласныя спаборніцтвы. Cіламі тут мераюцца 18 мацнейшых рэгіянальных каманд.

Арганізатары сёлетняга мерапрыемства – Гродзенскі абласны камітэт ГА “БРСМ”, Дзятлаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ”, Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт, Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

У якасці ганаровых гасцей на абласным моладзевым турысцкім злёце прысутнічаюць намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама І. Кухарэвіч, выконваючы абавязкі першага сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” П. Міхалюк, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Н. Белаус, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета ветэранаў Л. Кашко, другі сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Д. Чарняк, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама – Галоўны суддзя турзлёту Д. Ёда.

Да моладзі на ўрачыстым адкрыцці злёту звярнуліся намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама І. Кухарэвіч, выконваючы абавязкі першага сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” П. Міхалюк.

— Не выпадкова Дзятлаўскі раён прымае гасцей – тут жывуць спагадлівыя, добразычлівыя людзі. Сёння на гэтай пляцоўцы сабраліся лепшыя турысты вобласці, пераможцы раённых турзлётаў. Жадаю ўсім добрага адпачынку, поспеху, новых сяброў. Так склалася на Дзятлаўшчыне, што пасля турыстычных злётаў з’яўляюцца шмат новых сем’яў – няхай добрая традыцыя працягваецца. Лёгкіх стартаў, паспяховых фінішаў і з прыемнымі ўражаннямі вярнуцца ў свае калектывы, — пажадаў камандам Ігар Кухарэвіч.

Ад імя Саюза моладзі Павел Міхалюк павіншаваў прысутных з пачаткам спаборніцтваў, пажадаў пазітыўных эмоцый, цёплага надвор’я і перамог.

Права ўзняць дзяржаўны сцяг прадаставілі камандзе Дзятлаўскага раёна — пераможцы мінулагодніх абласных спаборніцтваў.

Пакуль капітаны праходзілі працэдуру жараб’ёўкі, якая вызначыць парадак удзелу камандаў у спаборніцтвах і конкурсах, удзельнікі злёту завяршалі арганізацыю турысцкіх лагераў.

Дарэчы, усе тры дні турзлёту ў Рыбаках будуць творчыя, актыўныя і багатыя на падзеі. Турыстаў чакаюць валейбол, “Гарады”, “Быт турыста”, “Дартс”, турысцкая паласа перашкодаў, мас-рэстлінг, перацягванне каната, а таксама дыскатэка і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.

 

Тэкст і фота І. КАМАРОВАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *