Прадстаўніцы пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” пры Жукоўшчынскім сельвыканкаме разам з вучнямі Гезгалаўскай школы прынялі ўдзел у акцыі “Ад сэрца да сэрца”. Мерапрыемства праводзілася напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі акцыі наведаліся да жыхароў Дома сумеснага пражывання, які размешчаны ў аграгарадку Гезгалы.
Прадстаўніцы жаночай арганізацыі павіншавалі пажылых людзей са святам – Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Моладзь прачытала вершы пра нашу Радзіму, яе незалежнасць і годную павагі гісторыю. Госці пажадалі жыхарам Дома быць здаровымі і бадзёрымі, мець мірнае неба над галавой.
Да пажылых людзей жансавет і моладзь завіталі не з пустымі рукамі: прынеслі пачастункі, зладзілі частаванне чаем. За размовай вучні распытвалі жыхароў Дома пра іх жыццё, ранейшую працу. Пагаварылі з задавальненнем, прыгадалі многае з былога часу. Састарэлыя людзі, не спешчаныя ўвагай, цікавіліся не толькі мінулым, а і цяперашнім часам. Напрыканцы сустрэчы мы пачулі цёплыя словы падзякі за ўвагу, за віншаванні і пажаданні.
М. МІХАЙЛОЎСКАЯ,
старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “БСЖ” пры Жукоўшчынскім сельвыканкаме